Ці патрапіць праваабаронца Павел Левінаў са шпіталя ў вязніцу?



Віцебскі праваабаронца Павел Левінаў, якога суд прызнаў вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях, з-за абвастрэння сардэчнай хваробы апынуўся ў шпіталі.

5 траўня з ізалятара праваабаронцу адвезлі ў шпіталь. Раней яго затрымалі паводле пастановы суда, які прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў акцыях 25 і 26 сакавіка.

Паўла Левінава пакаралі 15 суткамі адміністрацыйнага арышту, сярод іншага на 11 траўня ў яго запланавана аперацыя ў сувязі з хваробай сэрца.

Мяне тут хочуць тэрмінова вылечыць, каб адправіць на суткі, кажа праваабаронца:

– Пакуль адчуваю сябе не надта. Колькі я тут прабуду не ведаю, бо вакол мяне бегае ўвесь шпіталь, нават лекараў у выходныя выклікаюць. Ці хочуць хутчэй вылечыць і адправіць на нары, я не разумею, што тут адбываецца. Да мяне сёння два разы прыходзіў лекар, узялі ўсе аналізы, мне сёння ўжо два разы зрабілі кардыяграму. Увесь медычны персанал пытае: “А хто вы такі, што да вас такая ўвага?”. Людзі, якія тут працуюць, здзіўлены такой увагай.

25 сакавіка ў Віцебску прайшла акцыя прысвечаная Дню Волі, на наступны дзень людзі выйшлі на вуліцу, каб выказаць салідарнасць з затрыманымі днём раней.

Павел Левінаў даводзіў на судзе, што не браў удзелу ў несанкцыянаваных акцыях, а назіраў за імі як праваабаронца.

17 красавіка суддзя Кастрычніцкага раённага суда Іна Грабоўская пастанавіла пакараць Паўла Левінава 15 суткамі арышту, выканаць рашэнне суду міліцыянты ўзяліся 5 траўня.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя