Ці патрэбен Гародні Чапаеў?



У Гародні часова дэмантавалі бюст „герою грамадзянскай вайны” у Расеі Васілю Чапаеву.

Паводле афіцыйнай інфармацыі помнік зняты з пастаменту на рэстаўрацыю. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні гарадской ЖКГ (жыллёва-камунальнай гаспадаркі) Сяргей Сямашка. У бетонна-арматурным бюсце з’явіліся трэшчыны, якія будуць папраўляць работнікі УЖРЭП (унітарнага жыллёва-рамонтнага эсксплуатацыйнага прадпрыемства) Ленінскага раёну.

Аднак, ніхто не паведамляе якім коштам будзе рэстаўравацца сумнеўны з мастацкага гледзішча помнік. Відавочна, што за грошы падаткаплацельшчыкаў. Яшчэ больш пытанняў ідэалагічных – чырвоны расейскі камандзір, герой шматлікіх анекдотаў, якія былі папулярныя ў савецкі час, ніяк не звязаны ні з гісторыяй Беларусі, ні тым больш з гісторыяй гораду над Нёманам.

Раней вуліца, дзе стаіць помнік „герою грамадзянскай вайны” чужой дзяржавы, называлася ў гонар Чапаева. У пачатку 1990-ых яе слушна перайменавалі ў вуліцу беларускага літаратара Міхася Васілька.

Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя