Ці патрэбны падчас галасавання каляровыя бюлетэні?



Грамадскі актывіст Віктар Карняенка выказаў сваё меркаванне наконт таго, як зрабіць выбары больш празрыстымі.

Прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду Валерый Цапкала выступіў з ініцыятывай, каб падчас выбараў былі каляровыя бюлетэні, і кожны кандыдат быў пазначаны асобным колерам.

Выбарцам давалі б бюлетэні ў капэртах, а ў выніку візуальна было б бачна, колькі за каго прагаласавалі.

Віктар Карненка: Гэтую ідэю магчыма рэалізаваць, але ніхто з тых, хто сёння арганізоўвае і праводзіць выбары, не будзе займацца яе рэалізацыяй. Я думаю, што трэба шукаць больш рэалістычныя спосабы кантролю за выбарамі і дасягненнем вынікаў.

РР: Што вы прапануеце?

Віктар Карняенка: Адна з прынцыповых прапаноў БДІПЧ АБСЕ да беларускіх уладаў – гэта даваць дадзеныя па ходу выбараў з усіх выбарчых участкаў. Зараз гэта не робіцца, хаця, як мне падаецца, гэта абсалютна магчыма зрабіць.

Трэба, каб хаця б падчас падліку галасоў былі незележныя назіральнікі выключна на ўсіх участках. У Выбарчым кодэксу напісана, што назіральнік мае права зрабіць копію выніковага пратакола. Я лічу, што і фотакопію мае права зрабіць. І калі сабраць дадзеныя з усіх участкаў, то будзе відаць агульная карціна.

Паводле закона, павінны падлічвацца галасы са скрыняў датэрміновага галасавання асобна, выязное галасаванне – асобна, галасаванне ў асноўны дзень – таксама асобна. Калі гэта не робіцца, значыцца на 100 адсоткаў былі парушэнні. А калі ў дзень асноўнага галасавання за беларускага кіраўніка прагаласавалі 3 адсоткі, а падчас датэрміновага 80 адсоткаў, то відавочна, што былі фальсіфікацыі.

Мне здаецца, гэтым шляхам трэба ісці назіральнікам, хаця апошнім часам я не магу ў гэтым пераканаць нашу дэмакратычную грамадскасць. Усяго ў Менску каля 700 выбарчых участкаў, няўжо нельга знайсці столькі ж назіральнікаў?

А тое, што прапануе Цапкала, гэта цікавая і разумная ідэя, але яе не будуць выконваць.

РР: Старшыні Цэнтрвыбаркама прапанавалі таксама, каб былі прамыя трансляцыі з участкаў па галасаванні, але Ярмошына адказала, што няма грошай на тэхніку.

Віктар Карняенка: Гэта казкі, бо насамрэч патрэбна не такая і вялікая сума, каб купіць камеры на ўсе ўчасткі. Тым больш, мяркую, і самі кандыдаты падтрымалі б гэтую ініцыятыву і дапамаглі б фінансава, калі ў дзяржавы няма грошай.

Але яны самі прыдумалі тайную сістэму падліку галасоў, дык навошта ім гэтыя камеры? Ніхто на гэта ніколі не пойдзе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя