Ці патрэбны вайсковыя патрулі?
Былы міністр абароны Павел Казлоўскі пракаментаваў заяву пра неабходнасць ваеннага патрулявання ў беларскіх гарадах.
Днямі беларускі кіраўнік падняў пытанне пра неабходнасць дзяжурства патрулёў і запрасіў ваенных патруляваць вуліцы.
Павел Казлоўскі: Такая ініцыятыва, як кажуць, мае права на жыццё, але ж нічога новага тут няма. Раней ваеннае патруляванне было звычайнай нормай, асабліва ў гарадах, дзе былі вайсковыя часткі. Нярэдка патруляванне адбывалася сумесна з міліцыяй. Гэта была звычайная савецкая практыка. Патрулі неабходны былі для падтрымання парадку ды для таго, каб кантраляваць жадаючых збегаць у “самаволку”.
РР: Але якая зараз вялікая нагода, каб на вуліцы выйшлі яшчэ і ваенныя? Можа быць, улады вырашылі перастрахавацца?
Павел Казлоўскі: Я думаю, што некаторыя перабольшваюць сітуацыю, мяркуючы, што ў Беларусі магчымы крымскі сцэнар, а таму, маўляў, улады перастрахоўваюцца. Падліваюць масла ў вогнішча і тыя, хто звязвае ўсю гэтую сітуацыю з восеньскімі вучэннямі “Захад-2017”. Адным словам, мне падаецца, што тут усё куды прасцей.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя