Ці паўплывае геаграфія паходжання студэнтаў на беларускую мову ў ЕГУ?
У наступным навучальным годзе, паводле інфармацыі сайта Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, які знаходзіцца ў Вільні, набрана 29 адсоткаў студэнтаў з Расеі і Украіны на магістэрскія праграмы. Гэты чыннік можа паўплываць на скарачэнне беларускамоўных лекцыяў і курсаў, бо неграмадзяне Беларусі могуць выбраць іншую мову навучання. Кажа кандыдат гістарычных навук Іна Соркіна:
– Мой курс, прысвечаны культурнай спадчыне мястэчак Беларусі, дакладна застаецца па-беларуску. Думаю, многія іншыя курсы па гісторыі Беларусі, культуры Беларусі застануцца беларускамоўнымі. А ў цэлым на 1 курс набралі 217 першакурснікаў, і з іх 91% – гэта грамадзяне Беларусі, а 9% – гэта грамадзяне Расеі, Украіны, а яшчэ Казахстана і Швецыі.
Прадметы, якія так ці інакш звязаныя з гісторыяй і культурай Беларусі, выкладаюцца па-беларуску. Асноўнымі мовамі выкладання ЕГУ з’яўляюцца беларуская, расейская і ангельская. Але з пашырэннем геаграфіі паходжання студэнтаў, перспектыва выжывання беларускай мовы ў навучальным працэсе малая.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня