Ці прагрэсуе беларуская навука?
Пра тое, якіх вынікаў дасягнулі беларуская навука і навукоўцы ў адыходзячым годзе, распавядае былы кіраўнік Акадэміі навук Беларусі Аляксандр Вайтовіч.
Аляксандр Вайтовіч: 2015 год быў цяжкім для айчыннай навукі, бо да лепшага мала што змянілася. Тым больш, што сістэма, якая створана ў краіне, паказвае сваю неэфектыўнасць. Гэта ўплывае на ўсе сферы жыцця – у тым ліку, і на навуку.
РР: Але ж, напэўна, ёсць і дасягненні.
— Безумоўна, бо людзі ж працуюць. Але не сказаў бы, што нешта звышзапамінальнае зроблена за год. Чаму? На мой погляд, таму, што няма на дзяржаўным ўзроўні навукова-тэхнічнай і інавацыйнай палітыкі. Дзяржава не ведае, што рабіць з навукай. Наколькі мне вядома, у Інстытуце фізікі тыя фірмы, якія выпускаюць навукаёмістую прадукцыю, былі створаныя яшчэ напачатку 90-х. А пасля гэтага практычна нічога новага. Няма ніякіх абмеркаванняў гэтай сітуацыі, ніякіх прапаноў пра выхад з яе. Замест гэтага робяцца нейкія імітацыйныя крокі. Напрыклад, сабралі пад адзін дах некалькі інстытутаў і паказалі быццам бы прагрэс. Але гэта не тое, бо ад гэтага праца не палепшылася. Дадалося папяровай працы, а рэальнага паляпшэння не ўбачылі. Хоць, паўтаруся, людзі стараюцца і выдаюць вынікі. Іншая справа, што апошнія слаба пераплаўляюцца ў інавацыі.
РР: Але ў IT-тэхналогіях зрухі ў лепшы бок ёсць. Ці не так?
— Так, ёсць жа Парк высокіх тэхналогій, дзе створаны ільготныя ўмовы для працы. І там сапраўды народ працуе і зарабляе грошы для краіны. Але, ведаеце, у гэтым накірунку многія яшчэ працуюць і на кухнях. Яны на дом бяруць нейкія заданні, якія ім дасылаюць, і таксама няблага зарабляюць. Паўтаруся, як мне падаецца, няма сістэмы ў беларускай навуцы, каб навуковыя распрацоўкі выліваліся ў вытворчасць. Дзяржаве над гэтым трэба добра падумаць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя