Ці працягнуць співацца беларусы?
Сустаршыня па стварэнні партыі БХД Віталь Рымашэўскі расказвае пра тое, як дзяржава спойвае насельніцтва. Лукашэнка заявіў, што кантрафактная прадукцыя з Расеі і іншых дзяржаў «задушыла краіну». «Хто перашкаджае ўраду бараніць уласны рынак?» – пацікавіўся Лукашэнка.
Чаго ў гэтай заяве больш: занепакоенасці пра ўласныя страты ці заклапочанасці тым, што народ співаецца, у тым ліку, і “кантрафактнай” прадукцыяй з Расеі?
Віталь Рымашэўскі: Калі ўлада заклапочана кантрафактным алкаголем, то тут абсалютна відавочна, што гэта – не клопат аб нацыі, якая співаецца. У дадзеным выпадку пра гэта не ідзе размова. Проста падаюць продажы алкагольнай прадукцыі, і часткова гэта звязана з тым, што адкрыта мяжа з Расеяй, адтуль ідзе больш танны алкаголь. Таксама больш танны і якасны алкаголь вязуць з заходніх краін, а шэнгенскія візы зараз ёсць практычна ва ўсіх. Беларуская дзяржава неаднаразова на сваіх нарадах урадавых органаў абмяркоўвае тое, што датычыцца так званага віна, якое вырабляюць беларускія заводы. А ёсць канкурэнцыя, што не можа не клапаціць чыноўнікаў. З-за гэтага змяншаюцца зборы. У дадзеным выпадку – гэта проста праява бязглуздзіцы чыноўнікаў, таму што яны не мысляць стратэгічнымі катэгорыямі.
РР: Адным словам, праблема застаецца…
Віталь Рымашэўскі: Так, і для дзяржавы галоўная праблема – страты ад продажу алкаголя. Пры гэтым ніхто не глядзіць на статыстыку ў цэлым – колькі беларускія прадпрыемствы, медыцына трацяць на лекаванне людзей, якія хварэюць, трапляюць у ДТП, паміраюць ад алкаголю. Колькі ад гэтага пакутуе і нясе страт уся беларуская эканоміка. Тыя невялікія крокі, якія робяцца ў бок дэалкагалізацыі насельніцтва (прыбіраюць рэкламу алкаголю, абмежаванне продажу), – гэта ўсё добрыя меры, але з іншага боку – дзяржава спрабуе стымуляваць айчынных вытворцаў, што вельмі кепска. І вось гэтыя меры супраць кантрафакта – яны насамрэч звязаны не з клопатам пра людзей, а з тым, каб падтрымаць айчынных вытворцаў алкагольнай прадукцыі. Перадусім гэта найбольш за ўсё небяспечна. Усё гэта трэба спыняць, а дзяржаве зразумець, што, калі яна турбуецца пра здароўе нацыі, то продажы алкаголю (у тым ліку, і айчыннага) мусяць падаць у разы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота privorogi.ru