Ці прыцягнуць да адказнасці былога міліцыянта за знявагу беларускай мовы?
Грамадскі актывіст, ініцыятар кампаніі „Справаводства па-беларуску” Ігар Случак накіраваў заяву ў адміністрацыйную камісію Гомельскага гарвыканкама з просьбай прыцягнуць да адказнасці грамадзяніна, які зняважыў беларускую мову.
Гаворка ідзе пра жыхара Гомеля, былога супрацоўніка дэпартамента аховы МУС Васіля Варушчанку, які стаў вядомым у інтэрнэце дзякуючы скандальным выказванням і фатаграфіях. Так, у пабліку партала „Моцныя Навіны” ў сацыяльнай сетцы „УКантакце” Варушчанка пакінуў каментар: „Беларуская мова — гэта труп, які гніе, яго ўжо даўно пара б закапаць глыбей!”
Ігар Случак лічыць, што гэтым выказваннем аўтар парушыў артыкул 9.22 КоАП (парушэнне заканадаўства аб мовах), публічна зняважыўшы беларускую мову.
На старонцы былога міліцыянера ў сацыяльнай сетцы карыстальнікі інтэрнэту знайшлі фатаграфіі скандальнага ўтрымання. Да прыкладу, Варушчанка, знаходзячыся ў будынку суда Савецкага раёна Гомеля, сядаў у крэсла суддзі і закідваў ногі на стол. Таксама ён здымаўся паўголым, у жаночай бялізне, а на адной з фатаграфій прыстаўляў аўтамат да галавы кацяня.
У дэпартаменце аховы МУС паведамілі, што гэты грамадзянін звольнены з органаў у 2013 годзе.
„Калі з’явіўся прэцэдэнт з Дзмітрыем Шчарбатых, які зняважыў беларускую мову і ўпершыню ў гісторыі Беларусі быў за гэта пакараны адміністрацыйна, я спадзяваўся, што гэтая падзея трохі супакоіць беларусафобаў, якія грэбліва ставяцца да беларускай мовы і суверэнітэту нашай дзяржавы, таму што мова — гэта адна з яго складнікаў і аснова нацыянальнай ідэнтычнасці. Але прыклад Васіля Варушчанкі, які назваў нашу мову гнілым трупам, паказвае, што праблема застаецца. Да таго ж гэты грамадзянін працягвае цешыцца з гэтай сітуацыі, хоць нічога смешнага тут няма. Сваімі дзеяннямі ён зняважыў не толькі беларускую мову, але і МУС, і судовую сістэму, выклаўшы ў інтэрнэт здымкі непрыстойнага зместу”, — пракаментаваў БелаПАН Случак.
Нагадаем, у верасні, упершыню з 1999 года, у Беларусі быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці грамадзянін, які зневажаў родную мову, чым парушыў артыкул 9.22 КоАП.
Пакарання для жыхара Мазыра Дзмітрыя Шчарбатых таксама дамогся Ігар Случак. Актывіст піша магістарскую дысертацыю на тэму „Прававыя асновы дзяржаўнай моўнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь”, таму акрамя адстойвання нацыянальных каштоўнасцяў юрыдычны бок канфлікту яму быў цікавы як частка яго навуковай працы.
Канфлікт, які скончыўся для былога супрацоўніка сайта offside.by Шчарбатых штрафам у 4 базавыя велічыні, пачаўся з яго абразлівага каментара на старонцы ў сацсетках, дзе абмяркоўваўся новы білборд футбольнага клуба „Славія” (Мазыр) з надпісамі на беларускай мове.