Ці прызнаюць Андрэя Бандарэнку палітычным вязнем? (абноўлена)
Няма падставаў прызнаць былога дырэктара „Платформ інавэйшэн” Андрэя Бандарэнку палітычным вязням лічыць прадстаўнік Беларускага Хельсінскага камітэту Алег Гулак. З заявай пераглядзець справы праваабаронцаў Андрэя Бандарэнкі і Міхаіла Жамчужнага выступілі грамадскія актывісты.
– На конт гэтай справы мы разбіраліся, ніякай новай дадатковай інфармацыі няма, гэтыя здарэнні, за каторыя Бандарэнка быў асуджаны, яны мелі месца насамрэч, гэта не прыдуманыя абвінавачванні. Канешне, ёсць пытанне адносна суразмернасці пакарання за падобныя дзеянні – даволі доўгі тэрмін пазбаўлення волі – відаць, задужа вялікі. Але гэта не выходзіць за рамкі звычайнай беларускай практыкі.
Грамадзянскі рух у абарону Андрэя Бандарэнкі і Міхаіла Жамчужнага ініцыявалі ў Менску. Актывісты падрыхтавалі шэраг зваротаў да грамадскасці, праваабаронцаў і ў Генеральную пракуратуру.
* * *
Няма падставаў каб Андрэя Бандарэнку прызнаць палітычным вязнем – лічыць намеснік старшыні праваабарончага цэнтра „Вясна” Валянцін Стэфановіч.
– Не, мы сваё рашэнне мяняць не будзем, сітуацыю ацанілі і абмеркавалі. Мы ніякага палітычнага матыву ў гэтым выпадку не назіраем, таму ніякіх іншых рашэнняў адносна гэтай справы мы прымаць не будзем. Што тычыцца Жамчужнага, то я б сказаў, што сцвярджаць аб яго палітычным пераследзе пакуль няма падстаў.
У Менску прайшла вечарына салідарнасці з праваабаронцамі „Платформ інавэйшэн” Андрэем Бандарэнкам і Міхаілам Жамчужным. Адзін з удзельнікаў сустрэчы канстытуцыяналіст Міхаіл Пастухоў падтрымаў прапанову прызнаць, што Андрэя Бандарэнку ўлады пераследуюць з палітычных прычын.
– На мой погляд, не было падставы для такой жорсткай кваліфікацыі. Былі інцыдэнты, але гэта нельга расцаніць як крымінальнае хуліганства, паколькі не было хуліганскіх матываў, быў канфлікт, які нельга ацаніць з пазіцыі крымінальнага закона, на мой погляд як юрыста.
Былы дырэктар прыватнай інфармацыйна-асветніцкай установы „Платформ інавейшн” Андрэй Бандарэнка адбывае пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён быў прызнаны вінаватым ва ўчыненні злоснага хуліганства. Міхаіл Жамчужны быў арыштаваны ў Віцебску напрыканцы кастрычніка, супраць яго пачатая крымінальная справа па артыкуле наўмыснае раскрыццё звестак, якiя складаюць службовую тайну, суд па яго справе яшчэ не адбыўся.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя