Ці саспела беларускае грамадства да адмены смяротнага пакарання?



У Беларусі распачаўся праваабарончы “Тыдзень супраць смяротнага пакарання”. Юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэта Гары Паганяйла распавядае, што неабходна, каб у краіне быў уведзены мараторый на вышэйшую меру пакарання.

Шэраг праваабарончых мерапрыемстваў пройдзе з 5 па 10 кастрычніка пад лозунгам “Смяротнае пакаранне – гэта забойства”, паведамляе spring.96.org. У іх возьмуць удзел ганаровыя замежныя госці, амбасадары, вядомыя творчыя асобы, сваякі расстраляных і асуджаных да смяротнага пакарання, прыхільнікі і актывісты абаліцыянісцкага руху Беларусі. Але ці саспела беларускае грамадства да адмены смяротнага пакарання?

Гары Паганяйла: Да грамадства з такімі пытаннямі не звяртаюцца. Ці пытаюцца ў грамадства, ці згодны людзі плаціць падаткі? Ці згодныя ўсе маладыя людзі служыць у арміі? Натуральна, калі б такое запыталі, то многія б далі адмоўныя адказы. Але ж і падаткі плацяць, і ў арміі служаць. Народ трэба выхоўваць гуманістычным, тым больш, што наша краіна хрысціянская. Сацыялогія паказвае, што 50 працэнтаў людзей згодныя з адменай смяротнага пакарання, улічваючы, што Беларусь мае альтэрнатыву гэтаму – пажыццёвае заключэнне. Таму палітыкі і заканадаўцы перш за ўсё павінны мець волю да прыняцця рашэння, а народ, не сумняваюся, успрыме гэты крок. Палітыкі павінны весці грамадства наперад.

РР: Можа быць, захаванне смяротнага пакарання стрымлівае рост злачыннасці?

Гары Паганяйла: І навуковыя даследванні, і статыстыка паказваюць, што ні ў адной краіне свету (у тым ліку, і ў Беларусі) не даказана, што наяўнасць вышэйшай меры пакарання стрымлівае злачынцаў. Больш таго. Колькасць цяжкіх злачынстваў змяншаецца пры наяўнасці альтэрнатыўных сродкаў пакарання. І яшчэ. У Беларусі не так шмат смяротных прысудаў. Дык няўжо 2-3 растрэлы нешта вырашаюць для ўлады? Таму вельмі шмат абставінаў гавораць на карысць адмены смяротнага пакарання.

РР: Што можа, як кажуць, зрушыць справу з мёртвай кропкі? Грамадскі рэзананс, работа праваабаронцаў?

Гары Паганяйла: Улічваючы характар нашай улады, – гэта жаданне і воля самой улады. Толькі яна можа нешта змяніць, калі вырашыць пайсці на такі крок. Натуральна, могуць нейкім чынам паўплываць агульнапалітычныя пытанні, якія неабходна вырашаць. Напрыклад, вядома, што Беларусь жа не адклікала сваю заяўку на ўступленне ў Савет Еўропы. Але туды могуць патрапіць толькі краіны, якія выключылі са сваёй практыкі прымяненне смяротнага пакарання. Краіна павінна вырашаць – куды яна збіраецца рухацца далей. І як жыць далей. З ганебнымі смяротнымі прысудамі ці без іх.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара