Ці слаўна жывуць у весцы Слаўнае?
Яшчэ ў савецкія часы ля гэтай пампезна перайменаванай чыгуначнай станцыі ўзнік пасёлак з гэткай жа назвай. 6 год таму ён стаў цэнтрам аграгарадка. Апошні, аднак, паводле ўзроўню дабрабыта ды заробкаў жыхароў, яўна не апраўдвае назву. Колькасць насельнікаў за гэты час скарацілася на дзясяткі чалавек . Пра “няслаўнае” жыццё ў Слаўным карэспандэнту Беларускага Радыё Рацыя расказвае дырэктарка комплекснага прыёмнага пункта, сябра сельсавета, спадарыня Таццяна Адарусава. Дарэчы, у яе самы нізкі заробак у мястэчку.
– Заробак у мяне 750 тысяч. Я працую ўжо 4 гадзіны. У катракце ёсць агаворка, праца – здзельна-прэміяльная. Мы працуем за капейкі. Слаўнае як было, так і засталося, а вось вёскі выміраюць. Уся моладзь працуе на чыгунцы. У калгасе заробкі вельмі малыя, нават летам даяркі атрымалі ўсяго 1млн 300 – 1 млн 500 рублёў. Больш ісці няма куды, таму і трымаюцца за гэтую працу.
“Няслаўная” сітуацыя ў Слаўным характэрна яшчэ і з іншага боку. Вядома, што ў сувязі з пагаршэннем стасункаў паміж Захадам ды Расеяй, з высокіх кабінетаў раздаюцца заклікі павялічыць вытворчасць сельгаспрадукцыі ў паўтара-два разы да канца года. Пры адсутнасці матэрыяльнай зацікаўленасці працуючых ды адтоку моладзі гэта немагчыма – перакананыя мясцовыя жыхары.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота railwayz.info