Ці стане Гародня зручнай для раварыстаў?



Каментары і прапановы для распрацоўшчыкаў генеральнага плану развіцця Гародні накіравала грамадская арганізацыя “Велагродна”. Новы генплан будзе ажыццяўляцца ў два этапы. Першы закончыцца у 2025 годзе. Другі запланаваны да 2030-га. План распрацоўвае “Беларускі навукова-даследчы інстытут горадабудаўніцтва”.  Пакуль прапанаваны генплан слаба ўлічвае інтарэсы роварнай супольнасці Гародні. Кажа старшыня “Велагродна” Юлія Каляда:

– Калі тэму роварнага транспарту і яго развіцця выдзеліць у асобны раздзел, паказаць механізмы, як мусіць развівацца роварны транспарт, паставіць паказчыкі, якімі мы будзем праз дзесяць год вызначаць, атрымалася гэта зрабіць ці не, мне здаецца гэта будзе больш эфектыўна. Просім даваць вызначэнне, што азначае веладарожка, веламаршрут, велапешаходныя сувязі, каб усе мы разумелі гэта аднолькава.

Актывісты роварнага руху часта сутыкаюцца з сітуацыяй, калі пры абвяшчэнні пабудовы роварнай сцежкі, па факце паўстае роварны маршрут без асфальтавага пакрыцця, ці без канструктыўных аддзяленняў, а проста з разметкай.  Прыкладаў таму у Гародні вельмі шмат – працягвае Юлія Каляда:

– Або гэта плануецца тратуар, па якім будуць хадзіць пешаходы і ездзіць раварысты. Мы просім зараз падыходзіць больш канкрэтна да гэтых вызначэнняў, каб пасля не прыходзілася ім выпраўляць, а нам – нервавацца. Праекціроўшчыкі рэкамендуюць у лесапаркавых зонах розных мікрараёнаў уладкаванне веладарожак. Гэта выдатна, але веладарожка ў лесапарку павінна быць пабудаваная разам з тратуарам.

Прапановы, якія накіравалі прадстаўнікі роварнай арганізацыі, прадугледжваюць, што экалагічны транспарт атрымае роўныя ўмовы з іншымі відамі транспарту, раварысты будуць забяспечаныя неабходнай інфраструктурай для паездак і адпачынку.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня