Ці стануць каментатары на форумах больш культурнымі?



Грамадскі актывіст Ілля Дабратвор ацаніў змены ў Закон аб СМІ, якія ўступаюць у сілу 1 снежня.

Міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч паведаміў, што, згодна са зменамі ў Закон аб СМІ, з 1 снежня каментатараў у інтэрнэце будуць ідэнтыфікаваць па нумарах тэлефонаў. Калі нехта захацеў зрабіць каментар, то ён павінен будзе пакінуць свой тэлефонны нумар.

Ілля Дабратвор: Мяркую, што такое новаўвядзенне мала што дасць. У Беларусі існуе рынак зарэгістраваных SIM-картак на іншых асобаў, таму, калі нехта пакіне свой тэлефон, то гэта не будзе даваць гарантыю на сто адсоткаў, што чалавек будзе ідэнтыфікаваны. Той, хто захоча застацца інкогніта, знойдзе магчымасць гэта зрабіць. Толькі каштаваць гэта будзе крыху даражэй. Але з іншага боку можа і добра, што такая норма з’явіцца. Людзі, можа быць, пачнуць больш акуратна даносіць свае думкі ў каментарыях, бо сёння, напрыклад, шмат з таго, што мне даводзіцца чытаць, для мяне непрымальна. Пагадзімся, што адкрытыя абразы, пераход на асобы – гэта не вельмі добра. Такога не павінна быць у інфармацыйнай прасторы.

РР: Лічыце, што ў беларусаў не стае культуры пры абмеркаванні нейкай тэмы на форумах?

Ілля Дабратвор: Не стае і пры гэтым у даволі вялікай аўдыторыі. Бо там, дзе каментары мадэруюцца, ідзе яшчэ больш-менш прыстойнае абмеркаванне. А вось у свабодных каментарах нярэдка можна сустрэць і бруд, і лаянку. Але трэба адзначыць, што большая частка нашых інтэрнэт-каментатараў – гэта так званыя тролі на канапе, мэта якіх проста лінуць алею ў полымя. У іх няма ніякіх канструктыўных мэтаў, яны займаюцца толькі абразамі. Складваецца ўражанне, што людзі гэтым толькі і жывуць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя