Ці сёлетні Дзень Волі стане іншым?
Сёння святкуем Дзень Волі. У гэты дзень у 1918 годзе была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Да 103-х угодкаў гэтай знамянальнай падзеі мы падышлі іншымі: і кожны па-асобку, і як адзіны народ.
Ці сёлетні Дзень Волі стане іншым? Гэтым пытаннем задаюцца многія. Сённяшні дзень дасць адказы на іх. Але ён сапраўды іншы. Бо сотні беларусаў сустракаюць яго за кратамі, трапіўшы туды па ілжывых абвінавачваннях толькі за тое, што хочуць бачыць сваю краіну свабоднай і дэмакратычнай. Сотні родных зняволеных перажываюць трывогу і страх. Тысячы беларусаў яшчэ не адышлі ад маральных і фізічных пакут, што сталі вынікам гвалту з боку ўладаў у адрас мірных пратэстоўцаў. Бо беларусы прадэманстравалі сваю еднасць. Нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі сталі найбольш масавым атрыбутам мірных пратэстаў, і нават дзіву мы даваліся, скуль нашы грамадзяне так хутка пазнаходзілі гэтыя сцягі. Няўжо столькі гадоў трымалі дома да лепшых часоў? А калі здавалася, што гэтыя часы прыйшлі, то з гонарам дасталі сцягі на вольнае паветра, якім дыхалі шчаслівыя і вольныя людзі. Яшчэ гэты Дзень Волі іншы, бо пасля жніўня-2020 шматлікія беларусы адкрылі для сябе сваю дзяржаву нанова, пачалі цікавіцца яе гісторыяй, дазналіся шмат пра яе герояў. Таму да Дня Волі мы прыйшлі не толькі больш згуртаванымі, але і больш свядомымі таго, хто мы і што для нас ёсць важнае. І хоць апошнія месяцы былі змрочнымі, вясна даецца ў знакі, подых надзеі вяртаецца. Ці стане гэтая вясна пратэставай, як заклікае Святлана Ціханоўская? Зноў жа вясна пакажа. Але мы і так змяніліся, і гэтага ўжо не стрымаць.
Сёння ў шматлікіх краінах свету беларусы будуць святкаваць 103-ыя ўгодкі абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Шмат самых розных мерапрыемстваў пройдзе ў Польшчы і Літве. Але, на маю думку, адзін з найлепшых падарункаў да свята нам прыйшоў ад 18-ці заходніх краін, якія напярэдадні ініцыявалі незалежны механізм дакументавання выпадкаў парушэння правоў чалавека ў Беларусі. У гэты ж дзень Савет па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый прыняў рашэнне стварыць следчую групу, якае будзе збіраць доказы гвалту адносна беларускіх пратэстоўцаў з боку беларускіх уладаў, а таксама факты ўжывання катаванняў адносна затрыманых пратэстоўцаў. “Мы павінны паказаць нашу падтрымку беларускаму народу і прыцягнуць тых, хто парушае правы чалавека, да адказнасці, каб спыніць замкнёнае кола беспакаранасці”, – заявіў у Жэневе амбасадар Партугаліі пры ААН Руі Мацеіра, які прадстаўляе пазіцыю Еўрапейскага Звязу. Завяршыць хачу словамі біскупа Юрыя Касабуцкага, які звярнуўся да вернікаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку з нагоды ўрачыстасці Звеставання, якую 25 сакавіка адзначае Каталіцкая царква. “Мы молімся аб еднасці, салідарнасці, узаемапавазе і ўзаемападтрымцы паміж усімі жыхарамі нашай краіны, розных нацыянальнасцей, поглядаў, рэлігійных перакананняў… Мы адна нацыя, імя якой – “беларускі народ”.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя