Ці цікавая Беларусь для турыстаў?



Эксперт у галіне турызма Лілія Кобзік распавяла, ці больш прывабная стала краіна пасля ўвядзення бязвізавага ўезду.

Нагадаем, напачатку года Лукашэнка падпісаў указ № 8 «Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян». Дакументам устанаўліваўся бязвізавы парадак уезду ў Беларусь на тэрмін не больш за 5 сутак пры ўездзе праз пункт пропуску «Нацыянальны аэрапорт Менск» для грамадзян 80 дзяржаў.

Тым часам, як паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт, колькасць арганізаваных турыстаў і экскурсантаў, якія наведалі Беларусь у 2016-м годзе, склала 217,4 тыс. чалавек. У той жа час, у 2015 годзе гэтая лічба была на ўзроўні 300 тысяч. Як бачым – турыстаў стала менш.

Лілія Кобзік: Немагчыма дакладна спрагназаваць, як зменяцца патокі замежных турыстаў пасля ўвядзення бязвізавага рэжыма, хаця бачна, што нейкі станоўчы рух ёсць у гэтым накірунку. Таму найперш рады тыя, хто прафесійна займаецца ўязным турызмам, хаця яны і выказваюць шмат скепсіса з нагоды таго, што не будзе таго, каб колькасць турыстаў раптам павялічылася ў разы. У той жа час можна ўжо адзначыць, што ажывіліся заходнія партнёры. Але, калі чакаць сур’ёзных патокаў, то, хутчэй за ўсё, нейкія вынікі трэба чакаць ужо ў наступным годзе.

РР: Хто тыя людзі, якія прылятаюць у Беларусь па бязвізаваму ўезду?

Лілія Кобзік: Аналіз паказвае, што турыстаў сярод іх не так і шмат. У асноўным гэта тыя, хто хоча прыехаць у нашу краіну да сваіх блізкіх альбо “былыя” беларусы, якія зараз жывуць за мяжой. А турыстычныя патокі так хутка не змяняюцца.

РР: Бязвізавы ўезд датычыцца толькі тых, хто прыязджае ў Беларусь праз аэрапорты…

Лілія Кобзік: Адназначна можна сказаць, што колькасць турыстаў была б значна большая, калі б у гэты спіс уваходзілі і тыя, хто завітаў у краіну наземным транспартам. Бо тыя ж нашы бліжэйшыя суседзі – літоўцы і палякі – самалётамі амаль не карыстаюцца, каб наведаць Беларусь. Гэта вельмі дорага. Таму нейкія адзінкавыя турысты прылятаюць, але пра масавасць казаць не даводзіцца. Акрамя таго, для турыста галоўнае – атмасфера. Чалавек павінен адчуваць, што краіна ў турыстычным плане – прывабная. Таму новаўвядзенне добрае для бізнес-турызма, для нашых атэляў, але складваецца ўражанне, што, калі прымалі такое рашэнне аб бязвізавым уездзе, больш думалі не пра турыстаў, а пра інвестараў. Магчыма, чыноўнікі думалі, што на мяжы з Беларусся стаіць чарга такіх інвестараў, якія хочуць даць нам грошы, але іх толькі стрымліваюць візы.

РР: Магчыма, сітуацыя зменіцца летам, калі наведванне Беларусі будзе больш камфортным для турыстаў?

Лілія Кобзік: Не выключана, бо летам можна будзе наведацца і ў нейкія аграсядзібы, і прыроду паглядзець… Час пакажа.

РР: Калі б бязвізавы тэрмін знаходжання павялічылі, напрыклад, з 5-і дзён да 12-і, ці змяніла б гэта нейкім чынам сітуацыю ў лепшы бок?

Лілія Кобзік: Адсутнасць візы матывуе ў першую чаргу тых, каму вельмі патрэбна патрапіць у краіну па нейкіх прычынах. І гэтыя прычыны зразумелыя: бізнес, наведванне блізкіх альбо тыя, хто вырашыў, што называецца, “адцягнуцца”. Усіх астатніх турыстаў найперш прыцягвае, як ужо казала, не колькасць дзён на бязвізавае знаходжанне ў краіне, а мясцовая турыстычная атмасфера. Напрыклад, мора ёсць і Сірыі, але ж турысты едуць адпачываць не туды, а ў Турцыю альбо Грэцыю. Бо ў Сірыі небяспечна. У Беларусі – бяспечна, але няма гэтай самай турыстычнай атмасферы. Вось што трэба ў першую чаргу змяняць. А на тое, каб паглядзець “былы савок”, попыту ў сёняшніх турыстаў няма.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя