Ці ўступіць Беларусь у Балонскі працэс?
Былы рэктар БДУ Аляксандр Казулін распавядае, ці гатова краіна да ўступлення ў Балонскі працэс.
Новы міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў заяівў tut.by, што „Беларусь даўно гатова да ўступлення ў Балонскі працэс”. Тым больш, што краіна нядаўна перайшла па большасці спецыяльнасцей на 4-гадовае вышэйшае навучанне. Якія перспектывы ў гэтым накірунку?
Аляксандр Казулін: Некалі Беларусь і на самай справе была гатова да ўступлення ў Балонскі працэс. У свой час у БДУ ў парадку эксперымента быў дазволены пераход на шматузроўневую сістэму падрыхтоўкі спецыялістаў. Чатыры гады – бакалаўр. Плюс два гады – магістр. З гэтай нагоды ў 2000 годзе была прынята суадносная пастанова і, калі б справа дайшла да лагічнага завяршэння, то ўжо ў 2004-2005 гадах Беларусь аўтаматычна ўступіла б у Балонскі працэс. Але тады ўсё гэта паспяхова “пахавалі”. А зараз, праз дзесяць гадоў, успомнілі пра тое, што ўжо даўно магло ў нас быць. А цяпер гэта зрабіць складаней, таму што многія паказчыкі не суадносяцца з тымі, што патрабуюцца дэмакратычнай адукацыйнай сістэмай.
РР: Як вы ставіцеся да студэнцкага самакіравання?
Аляксандр Казулін: Калі хочам уступіць у Балонскі працэс, то там дастаткова ясна прапісана і студэнцкае самакіраванне, і значныя свабоды і правы прафесарска-выкладчыцкага складу.
РР: А ці вялікая перашкода для ўступлення той факт, што ў Беларусі недастаткова развіта выкладанне на ангельскай мове?
Аляксандр Казулін: Не думаю, але размова аб тым, каб хаця б вядучыя ўніверсітэты мелі нейкія групы, якія б свабодна валодалі ангельскай мовай.
РР: Наколькі рэальна, што ў бліжэйшы час Беларусь уступіць у Балонскі працэс?
Аляксандр Казулін: Калі глядзець на патрабаванні, якія неабходны для ўступлення, то перспектыў ніякіх. Калі ж пытанне будзе вырашацца на палітычным узроўні, то можа быць усё што заўгодна.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота bnp.by