Ці ўзмоцніцца ціск на незалежных журналістаў?
Пра ўзаемадносіны СМІ і ўлады і тое, ці ўзмоцніцца ціск на незалежных журналістаў падчас выбарчай кампаніі, распавядае старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.
РР: Ці змяняецца ў апошні час сітуацыя з незалежнымі СМІ?
Андрэй Бастунец: Усё залежыць ад таго, з якім годам параўноўваць. Самы горшы год быў – 2011, калі было больш за 120 затрыманняў журналістаў за выкананне службовых абавязкаў. А мінулы год вызначыўся ціскам на журналістаў-фрылансераў, якім цягам году далі 28 штрафаў. У гэтым годзе ўжо 10 такіх штрафаў, хаця зараз сітуацыя складваецца дзіўным чынам, бо найбольш жорсткія брутальныя падзеі ў дачыненні да журналістаў адбываюцца чамусьці ў Гомельскай вобласці. Я не магу гэта нечым патлумачыць, там нейкая анамальная зона – усе дзесяць штрафаў журналістам далі менавіта там.
Зрэшты, калі паглядзець на агульную сітуацыю, то можна пабачыць змяншэнне ціску на незалежных журналістаў. Хаця сёння створана такая сістэма кантролю дзяржавы за інфармацыйнай прасторай, што на сістэмным узроўні сітуацыя, на жаль, пагаршаецца ўжо доўгі час, і ніякіх зрухаў да лепшага не прадбачыцца.
РР: На ваш погляд, ці ўзмоцніцца ціск на незалежных журналістаў падчас выбарчай кампаніі?
Андрэй Бастунец: Мяркую, ціск не павялічыцца, а будзе ўжыванне, як кажуць, мяккай сілы. Больш увагі будзе нададзена “прафілактычнай” з рэдактарамі СМІ і друкарнямі працы з боку Міністэрства інфармацыі і іншых органаў. Але ў той час, калі ўвага міжнароднай супольнасці будзе прыцягнута да Беларусі , не думаю, што дзяржава будзе адкрыта ціснуць. Іншая справа, што застаюцца выканаўцы, якія прызвычаіліся жыць толькі ў такім асяродку.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя