Ці вернуць дзіцячыя пляцоўкі ў Баранавічах?



Жыхары двух дамоў на вуліцы Фабрычнай у Баранавічах дамагаюцца за бюджэтны кошт узнаўлення дзіцячых пляцовак. Таму што камунальнымі службамі горада былі ліквідаваны нават тыя сціплыя прыстасаванні, якія нагадвалі дзіцячую пляцоўку, кажа сябра прафсаюза РЭП Рыгор Грык, які арганізаваў збор подпісаў пад заявай у гарадскі выканаўчы камітэт:

Там раней была горка, якую чамусьці зрэзалі. І арэлі былі, іх таксама зрэзалі. Ёсць толькі столік, дзве лаўкі ды пясочніца, за якую я калісьці збіраў подпісы. Я звяртаўся да старшыні гарвыканкама, каб зрабілі дзіцячую пляцоўку, але яны сказалі, каб збіралі грошы і самі ўсталёўвалі.

Рыгору Грыку падказалі з камунальнай службы, што пры калектыўным звароце дзіцячая пляцоўка будзе зроблена за бюджэтныя грошы. Сума на такія работы закладзена ў бюджэце.

Пад заявай з просьбай аднавіць дзіцячую пляцоўку падпісалася 60 чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы

Фота intex-press.by