Ці выпусцяць на волю Эдуарда Пальчыса?



Судовае рашэнне па справе блогера можа быць падобным на прысуд Зміцеру Паліенку.

Як вядома, сёння ў Менскім гарадскім судзе пачынаецца разгляд крымінальнай справы рэдактара сайта 1863х.com. 25-гадовага Эдуарда Пальчыса, вядомага пад псеўданімам Джон Сільвер. Яго судзяць у закрытым рэжыме. Блогеру пагражае да пяці гадоў абмежавання волі або да 4 гадоў пазбаўлення волі.

Эдуард абвінавачваецца ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Тым часам, праваабаронцы ўжо прызналі блогера палітычным зняволеным.

“Мы ўсе разлічваем толькі на лепшае, – паведаміла напярэдадні суда Вікторыя – жонка Эдурада Пальчыса. – Разумею, што беларускім уладам хочацца паказаць сваю адданасць Расеі, і працэс над мужам – гэта такі своеасаблівы паветраны пацалунак у бок усходняга суседа. Але ў той жа час і Захаду трэба рукой памахаць, бо крэдыт Міжнароднага валютнага фонда – вельмі прывабны кавалак. Таму ўсе гэтыя фактары, думаю, так ці інакш, але пэўным чынам паўплываюць на канчатковае рашэнне суда.

Днямі адбыўся суд на раварыстам Зміцерам Паліенкам, якога праваабаронцы таксама збіраліся прызнаць палітвязнем, калі б той атрымаў турэмны тэрмін. Але суд прыняў больш-менш “нейтральнае” рашэнне – 2 гады зняволення з адтэрміноўкай на 2 гады. Моладзевы актывіст Павел Вінаградаў, хаця ён і не любіць нешта прагназаваць, але мяркуе, што ў Пальчыса таксама добрыя шанцы апынуцца на волі.

“З тэкстамі Эдуарда Пальчыса я не заўсёды згодны, але, як мне падаецца, экстрэмізму там няма, – кажа Павел Вінаградаў. – А з нагоды распаўсюду парнаграфіі, то гэта наогул смех. Эксперты, відаць, ніколі яе не бачылі… Спадзяюся, што Эдуарда адпусцяць на волю. Праўда, якім чынам гэта адбудзецца, не магу прагназаваць”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя