Ці ёсць сэнс у акцыях пратэсту ІП?
Гэтым разам прадпрымальнікі сабраліся ў Менску каля будынка Міністэрства па падатках і зборах. Несанкцыянаваную акцыю ладзяць былы палітвязень Мікалай Статкевіч і лідар грамадскага аб’яднання “Перспектыва” Анатоль Шумчанка. Ці ёсць, напраўду, перспектыва ў такіх акцый, ці даюць яны нейкі плён? Адказвае палітолаг Валер Карбалевіч:
– Бачыце, акцыі малалікія, калі б акцыі былі масавыя, калі б усе выйшлі на вуліцу, я думаю, што эфект быў бы. Я пра тое, што ўлады саступаюць, калі адчуваюць даволі моцны пратэст. Пакуль што грамадства і нават тыя часткі грамадства, якіх фактычна прымушаюць да эканамічнай ліквідацыі, не гатовыя на пратэст.
У сакавіку каля паловы ІП усё ж аднавілі працу ў новых умовах пасля двухмесячнага перапынку. Не выключана, што ўлада зменшыць штрафы за парушэнне тэхрэгламентаў. Каментуе першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч:
– Няёмка рабіць заўвагі ў адрас людзей, якія шчыра змагаюцца за свае правы. Але я баюся, што тымі сваімі захадамі яны нічога не здабудуць, бо сітуацыя ў дзяржаве дрэнная і так сказаць прэзідэнт нават капейкі будзе збіраць такім чынам. Ён не разумее, што з-за гэтага могуць быць большыя страты, чым прыбытак.
Шушкевічу шкада ІПэшнікаў, якія пратэстуюць, бо іх занадта мала, каб пагражаць уладам у палітычным і сацыяльным плане. На думку палітыка, прадпрымальнікі павінны яшчэ з кімсці аб’ядноўвацца, і такая надзея ёсць.
Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя