Ці ёсць у Беларусі “грамадскі дыялог”?



Старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас распавядае пра грамадскі дыялог у краіне і нацыянальную ідэю.

Экс-кандыдатка ў прэзідэнты Таццяна Караткевеіч заявіла, што сёння важна, каб палітыка Еўразвяза ў дачыненні да Беларусі стала інструментам пабудовы грамадскага дыялогу. Можа быць, такі дыялог ужо ідзе ў краіне?

Уладзімір Колас: Калі ў Беларусі зараз і ідзе грамадскі дыялог, то своеасаблівы. Ён можа быць розным, у залежнасці ад пазіцыі суразмоўцаў. Калі ў такой гутарцы прысутнічае жаданне знайсці ісціну, кампраміс і паразуменне, то гэта адно. А калі ў гэтым дыялогу ёсць з аднаго боку імкненне проста надурыць партнёра, то тут зусім іншае. І вось гэта “зусім іншае” адбываецца ў нас. У Беларусі бессаромна выкарыстоўваюцца метады прапаганды і “візантыйскай палітыкі”, як гэта рабілася яшчэ з часоў сталінізму, калі адвакатамі ўлады былі такія людзі, як Вышынскі. Такая аргументацыя ў дыялогу, безумоўна, да зменаў ці паляпшэння сітуацыі ў грамадстве прывесці не можа. І калі ў Еўрапарламенце будуць заплюшчваць на гэта вочы, то еўрапалітыкі займаюцца самападманам. Можа быць, гэта і трэба дзеля нейкай кан’юктуры, але мы ведаем з гісторыі, да чаго прыводзілі такія палітычныя гульні ў XX стагоддзі, і чаго яны каштавалі чалавецтву.

РР: Грамадства заўсёды яднаецца вакол нейкай нацыянальнай ідэі. Ці ёсць такая сёння ў Беларусі?

Уладзімір Колас: Безумоўна, і гэтая нацыянальная ідэя – незалежная еўрапейская Беларусь. Іншая рэч, што агенты ўплыву, якія даволі эфектыўна працуюць у грамадстве, робяць усё, каб дэзынтэграваць гэтае грамадства і адкінуць ад такой ідэі як мага больш народу, затлумляючы людзям галаву некімі іншымі аргументамі. На жаль, нярэдка гэта спрацоўвае.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя