Ці ёсць у Беларусі прымусовая праца?
“Трэба адмяняць кантрактную сістэму, і пераводзіць людзей на бестэрміновыя працоўныя дамовы”, – лічыць прафсаюзны актывіст Генадзь Фядыніч.
Нацыянальнае заканадаўства павінна быць прыведзенае ў адпаведнасць з патрабаваннямі канвенцыі №29 МАП, якая абвяшчае забарону на прымусовую працу.
Пра гэта гаворыцца ў высновах камітэта, прынятых у выніку разгляду беларускага пытання 6 чэрвеня на 105-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы ў Жэневе, паведамляе БелаПАН.
Камітэт настойліва заклікаў урад ужыць усе захады, якiя выключаюць выкарыстанне прымусовай працы, а таксама ўстрымацца ад прыняцця законаў, што могуць быць расцэненыя як сродак прымусу да працы.
Генадзь Фядыніч: Пра прымусовую працу ў Беларусі можна казаць у двух аспектах. Калі успомніць кароткачасовыя кантракты, то, безумоўна, праблема існуе. Хаця зараз яна, можа быць, не такая вострая. Працу і так не знайсці, кожны працоўны трымаецца за сваё месца. Але ж быў Дэкрэт, згодна з якім, калі наймальнік не захоча падпісаць заяву аб звальненні, то ён і не падпіша. І тут ёсць элемент прымусовай працы на прадпрыемствах. Гэта парушэнне Канстытуцыі, калі чалавек павінен нешта адпрацоўваць. У дрэваапрацоўцы ўвогуле ўвялі нормы ледзь не прыгоннага права. Акрамя таго, трэба ўспомніць пра суботнікі. Няўжо ў краіне сотні тысяч чалавек маюць жаданне аддаць свой дзённы заробак дзяржаве? Калі трэба прыбраць тэрыторыю, дапамагчы адзін аднаму, то гэта можна зрабіць і без каманды зверху. А ў нас ужываюцца старыя савецкія “добраахвотна-прымусовыя” методыкі. Ёсць такія выпадкі, што з людзьмі нават не працягвалі кантракт таму, што яны не жадалі выйсці на суботнік. Таму зараз, калі прадстаўнікі беларускага ўрада кажуць, што праблема прымусовай працы надуманая, то яны крывяць душой. Трэба адмяняць кантрактную сістэму і пераводзіць усіх людзей на бестэрміновыя працоўныя дамовы. Тады і праблемы не будзе.
РР: Але ж дэкрэт аб “прыгонным праве” ў дрэаваапрацоўцы быў адменены. Гэта ж станоўчы момант…
Генадзь Фядыніч: Гэты дакумент і так быў, як кажуць, мёртванароджаны. Дэкрэт па сутнасці не працаваў. Здаецца, не было такіх выпадкаў, калі чалавек хацеў сыйсці з працы, і ён павінен быў звярнуцца аж да губернатара, каб той даў дазвол. Гэта проста было дзікунства на паперы. Вось дэкрэт і адмянілі напярэдадні сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы. Але ж гэта было, слоў з песні не выкінеш.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя