Ці заблакуюць Інтэрнэт?



Кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў прагназуе, ці пойдуць улады на блакаванне Інтэрнэта.

Першы намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч заявіў, што доступ да “дэструктыўных рэсурсаў” у выпадку пагрозы нацыянальнай бяспецы можа быць заблакаваны.

Ігар Барысаў: Я не выключаю, што блакіроўку могуць ужыць 9 жніўня, у дзень галасавання, для таго, каб не дапусціць магчымай каардынацыі людзей, якія патэнцыйна гатовы пратэставаць супраць фальсіфікацый і супраць дзеючай улады.

Раней такія спробы ўжо прадпрымаліся, хаця яны былі не такія маштабныя. Блакаваўся доступ да Інтэрнэт-сайтаў, адключалі IP-адрасы ў пэўных памяшканнях. Напрыклад, кампанія “Права выбару” сутыкнулася з такой праявай у 2018 годзе.

Былі таксама выпадкі, калі адключалі тэлефоны ў пэўных людзей, і сувязь на працягу некалькіх дзён была проста немагчымай.

РР: А як, на ваш погляд, будуць вызначаць “дэструктыўныя рэсурсы”, якія пагражаюць “нацыянальнай бяспецы”?

Ігар Барысаў: Пад гэтую абстрактную фармуліроўку можна падвесці ўсіх, таму і заблакаваць можна ўсе самыя масавыя Інтэрнэт-СМІ.

Таму, мне падаецца, блакіроўка Інтэрнэта будзе больш масавай, чым у ранейшыя часы. Ёсць тэхналогіі, якія дазваляюць зрабіць гэта.

Але ў той жа час маюцца і тэхналогіі, з дапамогай якіх можна пры жаданні абыходзіць блакіроўку, а таму гэта ў пэўнай ступені будзе выглядаць паўмерамі. І ў такім выпадку для ўладаў будзе больш стратаў, чым прыбыткаў. Я ўсё-такі рэкамендаваў бы сілавікам не ўжываць падобныя рэчы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя