Ці захаваюць камунальнікі гістарычны будынак?
Дом у цэнтры Гародні, якому ўжо 119 гадоў, знаходзіцца пад аховай дзяржавы, але не рамантуецца належным чынам. Жыхароў дома непакоіць стан падмурку, які не рамантуецца.
Кажа жыхарка 6-кватэрнага дома па вуліцы Карбышава 7А Алена Піваварун:
– Дзяржава, нягледзячы на тое, што яна на дадзены момант не багатая, выдзеліла сродкі, каб захаваць гэты помнік культуры, клапоціцца ўсё ж такі пра тое, каб у беларусаў штосьці было. Але так неахайна аднесліся, што гэтага помніка культуры можа не застацца.
Як паведамілі мясцовыя жыхары, у асноўным рамонт заключаецца ва ўсталяванні новай адмосткі, што ізалюе дом ад дажджавой вады. Падмуркі ж застаюцца крохкімі. Яны спадзяюцца, што пакуль ідуць рамонтныя работы, камунальнікі змогуць ацаніць стан будынку і захаваць яго.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня