Ці захаваюцца добрасуседскія стасункі беларусаў і ўкраінцаў?
Добрасуседскія стасункі паміж памежнымі ўкраінскімі і беларускімі гарадамі пад пагрозай. Кіраўнік аналітычнага цэнтра ў сферы знешняй палітыкі і міжнароднай бяспекі Генадзь Максак лічыць, што цягам бліжэйшых год варта чакаць варожае стаўленне да беларусаў.

Аналітык прыводзіць у прыклад Чарнігаў, які раней любілі наведваць беларусы з Гомеля:
– Пачуццё варожасці да Беларусі на пэўны час, год-два будзе, а, можа, і больш. Чаму? Таму што сапраўды пакуль увесь боль выяўляецца ў разбітых дамах, знішчаных машынах і ахвярах, і тваіх родных, якія, на жаль, загінулі або атрымалі траўмы. І простым чарнігаўцам цяжка разбірацца, хто меў рацыю, а хто не, і чаму Беларусь выкарыстоўвалася як плацдарм для нападу. У вачах вы не пабачыце ветлівасці, якая была ў свой час да вайны.

Для таго, каб аднавіць памежны з Гомелем украінскі Чарнігаў, спатрэбіцца 4 гады, паведамляюць мясцовыя ўлады ўкраінскага горада.
Жыхарка Гомеля Яўгенія Парашчанка ўзгадвае, як раней гомельцы ездзілі ў Чарнігаў.
– Мы вельмі часта туды прыязджалі, і з бацькамі, і калі мы ўжо сталі падлеткамі. Тады самастойна туды ездзілі. Натуральна, што ў дарослым веку ў мяне фотаздымкаў, напэўна, з Чарнігава больш, чым з Гомеля. Гэта быў горад, уключаны ў гарадское жыццё Гомеля. І я думаю, што для чарнігаўцаў таксама, яны вельмі часта да нас завітвалі, гандлявалі. Калі мы ездзілі на аўтобусе туды, мы там былі ўсе разам, і чарнігаўцы, і з навакольных вёсак, гэта была такая агульная супольнасць.
Паводле дадзеных мясцовых уладаў Чарнігава, горад разбураны прыкладна на семдзесят працэнтаў.
Беларускае Радыё Рацыя
