Ці законна высеклі дубы ў Берштах?



Вялікія старажытныя дубы ў вёсцы Бершты былі спіленыя новымі ўласнікамі школы, пабудаванай у пачатку ХХ стагоддзя.

Мясцовы жыхар, былы кандыдат ў прэзідэнты на выбарах 2006 Аляксандр Мілінкевіч вельмі ўсхваляваны лёсам гэтай часткі Аўгустоўскай пушчы:

– Дубоў, якім па трыста гадоў, іх што, у нас многа? У нас іх мала. Павыпілілі ўсё. Што робіцца ў Палессі сёння! Ну і тут мне шкада кожнае такое дрэва. Мне кажуць: яны старыя, можа прыб’юць каго. Там, праўда, людзі ходзяць, дзеці гуляюцца. Канешне,  трэба сачыць за гэтым. Але такія дрэвы, трэба глядзець як у суседзяў, не як у Расеі, дзе ўсю Сібір выпільваюць. Давайце глядзець на Польшчу і Літву. Такія дрэвы захоўваюць да самай глыбокай старасці.

На думку Аляксандра Мілінкевіча, такія старыя дрэвы мусяць быць помнікам прыроды, і для гэтага ён напісаў ліст у Ахову прыроды:

– Тыя, што спіленыя ляжаць, ужо не вернеш і не ажывіш. Я не ведаю – навошта спіліў той гаспадар, які выкупіў гэтую школу. І добра, што выкупіў, і там будзе нешта будавацца, хутчэй за ўсё пансіянат. І вёска будзе жыць, праца будзе. І людзі будуць прыязджаць адпачываць. Але я шчыра зрабіў гэта, каб наступныя дрэвы не папілавалі. Я б хацеў, каб такія дрэвы былі помнікамі прыроды. Бо так робіцца паўсюль. А ўжо калі гэта помнік прыроды, то кожны з пілой там не можа бегаць.

У Берштах зараз спілаванне дрэваў часова прыпынена – вядзецца праверка, аднак Аляксандр Мілінкевіч мае надзею, што старыя дрэвы перастануць пілаваць.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча