Ці зальем малаком Расею?
Як вядома, паводле слоў ўзрадаваных вышэйшых менскіх чыноўнікаў, пасля ўвядзення заходніх санкцый Расея да канца года будзе, у прыватнасці, “залітая” беларускім малаком. З выдатнымі вынікамі ў выглядзе “дармавых” мільёнаў. Скепсіс датычна магчымасцяў нашай сельскай гаспадаркі ўжо выказалі незалежныя эканамісты. Аднак якая насамрэч сітуацыя з вытворчасцю ды здачай “белага золата” ў глыбінцы? Сітуацыю ў асобна ўзятым аграгарадку “Талачынская навінка”, што на Віцебшчыне, даследаваў наш карэспандэнт.
Пра загадчыцу комплекснага прыёмнага пункта, чальца сельсавета Таццяну Адарусаву ў пасёлку Слаўнае кажуць, што яна ведае пра ўсё ў гэтых мясцінах, і пра ўсіх.
Таццяна Адарусава: Я, маючы карову, “заліцца” малаком магу. Калі 10 год таму пасля разводу з мужам пераехала ў мястэчка, тут быў статак калгасных кароў. Цяпер няма. У суседніх Лахутках навязваюць 2-3 жывёлы – таксама без статку. У аграгарадку грошай няма. На ферме даяркі атрымліваюць аж 1 300(!) – гэта ўлетку, пры паўнавартасных, як лічыцца, надоях. Паляводы, у якіх заробак залежыць ад малака, і таго менш. Таму “залівацца” будзем хіба іх слязамі. Бадай, усе сем’і набіраюць банкаўскіх крэдытаў – у асноўным, на мэблю ды рамонт. Рэгулярна выплачваць іх не выпадае – апошнія 2-3 гады і тыя крохі выдаюць несвоечасова. Вёскі выміраюць, моладзь уся ідзе на чыгунку, што побач: там заробкі высокія.
Заходжу, паводле парады, да “актыўнай” гаспадыні-пенсіянеркі Таццяны Драбышэўскай. На даху мяне сустрэла котка, якая выглядвала што заўгодна, акрамя таго, дзе паласавацца улюбёным малачком: яго ані ў гаспадыні, ані ў наваколлі…няма. Жанчына смяецца:
Таццяна Драбышэўская: 10 сотак з бульбай, памідорамі, капустай, гуркамі маю. З жыўнасці курэй – яйкаў усё меней, праўда. Мо дрэнная гаспадыня? Што да кароў, утрымліваць цяжка, дый статак складаць няма з кім…
Спадарыня Адарусава расказала мне пра сваю маці, якая мае трох козачак, двух парсючкоў, 30 гусей і нямерана курэй. Заходжу да яе. Цётка Ліля ў свае 83 адна (!) насамрэч цягне гаспадарку, што не пад сілу і 30-гадовым. Але ані малака, ані стасункаў з дзяржавай прынцыпова не мае. Расказвае чаму.
Цётка Ліля: З аграгарадка прыходзілі – мо сенам ці чым дапамагчы? Толькі здавайце нам! Абыходжуся – кароў усё роўна няма. 8 літраў казінага малака штодзень аддаю родным, добрым суседзям, раблю смятанку, сыры. А сена накасіць унук з горада прыязджае…
Каментар лідара талачынскай апазіцыі Мікалая Петрушэнкі, які сітуацыю, у тым ліку з малаком, адсочвае не першы год.
Мікалай Петрушэнка: Бярэм адзін з апошніх нумароў афіцыйнай “раёнкі” “Наша Талачыншчына”, дзе надрукаваная зводка пра вытворчасць ды продажы дзяржаве малака аж да верасня 2014. Як вядома, не маючы на ўвазе ўсялякія “санкцыі”, была пастаўленая задача прэзідэнтам павялічыць вытворчасць малака да 10 млн тон. Замест гэтага, прынамсі, у Талачынскім раёне маем мінус 2 літры ад каровы ў дзень у параўнанні з мінулым годам! Пытанне велізарнейшай сацыяльнай важкасці – чаму? Я задаваў яго адказнаму за сельскую гаспадарку ў райвыканкаме Бірукову і самому Папкову, дэпутату ПП і экс-першаму намесніку Адміністрацыі прэзідэнта. Пачуў няўцямнае – пашня выдалася дрэнная. Але ў траўні дзьмухаўцы квітнелі – прыватнікі здавалі малако, калгаснікі мінусавалі.
Я адказ ведаю! Калі ў аграгарадку ў стойле адна карова, а распісваецца ў справаздачах яе малако на трох – хоць лопні, усё будзе ў мінусах. Дзяржгаспадаркі апынуліся паміж прэсам: альбо “зрабіць” статыстыку добрую, альбо за праўду атрымаць выспяткі ад начальства. Таму прыпісваюць не малако, а пагалоўе.
Другое. Бадай, усе калгасы ў даўгах, як у шаўках. Свабодных фінансавых рэсурсаў няма. Капейчыну, што на малаказаводзе з’явілася, аўтаматычна забірае вертыкаль. Таму кіраўнікі ідуць на хітрыкі. Калгаснае малако здаюць, як прыватнае і, такім чынам, могуць закупіць паліва, запчасткі, выдаць прэміяльныя.
РР: Зададзім пытанне з Талачыншчыны – адкуль жа трыумф у менскіх кабінетах ад яўна нязбыўных планаў павялічыць вытворчасць малака ў 1,5-2 разы? Няўжо толькі, каб пазбавіцца чарговай “ўзбучкі” ад Аляксандра Рыгоравіча?!
Мікалай Петрушэнка: Узгадаем дамову пра пастаўку Венесуэле 16 тысяч тон сухога малака ў год. Зоймемся няхітрымі падлікамі. Каб зрабіць 1 кг сухога, трэба пуд нармальнага. Таму з такой “дамовай” сёння “пшык” – Беларусь здолела паставіць усяго 2,5 тысяч тон. Успомнім, як праваліліся памезныя планы з тае нафтай. Абяцанкі-цацанкі можна рабіць раз у год, а пасля паспяхова пра іх “забываць”. Думаю, тое самае чакае нас з малаком. Бо праўда адна – свабоднага малака ў краіне няма і не будзе!
Дарэчы, паводле зводак, Талачынскі раён не з самых слабых на Віцебшыне. Можна ўявіць, што падобная сітуацыя далёка не адзінкавая ў краіне. А значыць, ці не прыйдзецца некалі “ўрываць” пастаўкі малака ў Расею з дзяржаўнага пірага? З наступствамі ў выглядзе пустых малочных прылаўках у крамах для простых беларусаў?! Зрэшты, гэта пакуль іншая гісторыя…
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара