Ці запрацуе Дэкрэт №1?
Гомельскі эксперт установы “Стратэгічная думка” Аляксей Харкевіч сумняецца ў тым, што Дэкрэт №1 “Аб садзейнічанні занятасці” запрацуе.
Паводле эканаміста, на гэты момант немагчыма падлічыць, колькі насамрэч у працэнтных суадносінах насельніцтва плаціць за паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Адпаведна, на думку Аляксея Харкевіча, спробы спагнання з так званых “сацыяльных утрыманцаў” поўнай цаны за ЖКГ выклікае абурэнне грамадства:
– Я нават спрагназую, як гэта можа быць. Першыя рахункі, якія будуць выстаўлены дармаедам, яны будуць шакуючымі. Больш за тое, яны будуць не толькі шакуючымі па сумах, а хутчэй за ўсё закрануць не толькі саміх дармаедаў, але яшчэ і іх родных, якія з імі пражываюць. Гэта зноў выкліча хвалю пратэста з боку насельніцтва, будзе выказана мноства прапановаў, як вырашыць гэта пытанне. Дзяржава зробіць адзін крок назад, каб дасягнуць кансэнсуса, менавіта такога, які пачаткова ўладамі і задумваўся.
З 1-га студзеня 2019 года грамадзяне, якіх спецыяльныя камісіі аднясуць да ліку асобаў, што не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў, будуць абавязаныя плаціць поўную цану за некаторыя паслугі.
Спіс паслугаў неўзабаве будзе ўдакладнены дадатковым нарматыўным актам. Мяркуецца, што так званыя сацыяльныя ўтрыманцы будуць плаціць 100% ад рэальнай цаны за “камуналку”.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель