Ці зацвердзяць беларускамоўную версію Кодэкса аб шлюбе і сям’і?



Зацвердзіць беларускамоўную версію Кодэкса аб шлюбе і сям’і плануецца 10 кастрычніка на пасяджэнні экспертнага савета па пытаннях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову, сфармаванага пры Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі (НЦПІ), паведаміла БелаПАН старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ), дэпутат палаты прадстаўнікоў Алена Анісім, якая зʼяўляецца членам гэтага савета.

Планавалася, што эксперты разгледзяць і зацвердзяць пераклад кодэкса 2 кастрычніка аднак пасяджэнне было перанесенае на гэты тыдзень.

Паводле слоў Анісім, насуперак чаканням на пасяджэнні савета 10 кастрычніка не будзе разглядацца пытанне аб зацвярджэнні перакладу Выбарчага кодэкса, хоць група перакладчыкаў ужо перадала членам экспертнага савета яго беларускамоўную версію.

Першае пасяджэнне савета адбылося 23 ліпеня. Былі разгледжаныя рэгламент дзейнасці гэтага кансультацыйнага органа і чарговасць падрыхтоўкі перакладаў на беларускую мову, а таксама зацверджаны склад экспертаў-перакладчыкаў.

Савет узначаліў дырэктар НЦПІ Яўген Каваленка. Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАНБ Ігар Капылоў быў абраны адказным за працу экспертаў-перакладчыкаў, касцяк якіх склалі члены тэрміналагічнай камісіі інстытута.

Упершыню ідэя стварэння падобнага савета была выказаная ў красавіку на сустрэчы ганаровага старшыні ТБМ Алега Трусава і Алены Анісім з кіраўніцтвам НЦПІ і Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў. Такія сустрэчы, на якіх абмяркоўваюць пытанні падрыхтоўкі заканадаўства на абодвух дзяржаўных мовах, сталі праводзіцца пасля «Вялікай размовы з прэзідэнтам» 1 сакавіка, калі Аляксандр Лукашэнка дэлегаваў створанаму ТБМ Універсітэту імя Ніла Гілевіча абавязкі па падрыхтоўцы беларускамоўных версій заканадаўчых актаў, прынятых на рускай мове.

БелаПАН