Ці зменшыць гарадcкі суд пакаранне Фядынічу і Комліку?



Лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч не верыць, што выйшэйшая судовая інстанцыя пойдзе на саступкі.

Стала вядома, што разгляд апеляцыйных скаргаў лідараў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка Менскі гарадскі суд прызначыў на 9 лістапада.

Нагадаем, што 24 жніўня 2018 года ў дачыненні да старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара прафсаюза Ігара Комліка быў вынесены абвінаваўчы прысуд на падставе ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае адказнасць за ўхіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры.

Лідары прафсаюза былі прысуджаныя да абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу тэрмінам на 4 гады без канфіскацыі маёмасці і з забаронай займаць кіруючыя пасады на працягу 5 гадоў.

Генадзь Фядыніч: Калі б быў сапраўдны суд, то нашу справу ўвогуле закрылі б. Натуральна, на гэта спадзявацца не даводзіцца.

РР: Але ці можа Менскі гарадскі суд зменшыць пакаранне?

Генадзь Фядыніч: Калі разважаць тэарэтычна, то можа. Але, на мой погляд, рашэнне раённага суда цалкам пакінуць у сіле. Хаця, трэба адзначыць, на гэтым справа ні ў якім разе не скончыцца. Яна будзе падымацца на розных узроўнях і ў Беларусі, і на міжнароднай арэне. І гэта будзе ціскам не на суд, а ўвогуле на беларускае правасуддзе, якога ў краіне па сутнасці няма.  

РР: Раней вы збіраліся патрабаваць праз суд, каб Следчы камітэт вярнуў вам тэхніку, якую следчыя забралі больш за год таму, але не вяртаюць да гэтага часу.

Генадзь Фядыніч: Так, мы абавязкова гэта зробім, але пакуль не разгледжана апеляцыя, не маем права падаць у суд. Адразу пасля 9 лістапада гэтай справай і будзем займацца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя