Ці знікнуць у краіне дармаеды?
Адзін з актывістаў прафсаюзнага незалежнага руху Аляксандр Бухвостаў распавядае ці вырашыць дэкрэт „Аб прадухіленні сацыяльнага ўтрыманства” праблему дармаедаў.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка 2 красавіка падпісаў дэкрэт № 3 „Аб прадухіленні сацыяльнага ўтрыманства”.
Дэкрэтам вызначаецца абавязак грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, што пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў ці якія ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш як 183 каляндарных дзён у мінулым годзе, па выплаце збору ў памеры 20 базавых велічынь (сёння — 3 млн. 600 тыс. беларускіх рублёў).
Аляксандр Бухвостаў: Я лічу, што дэкрэт не вырашыць праблему ў цэлым. Найперш дзяржава павінна стварыць рабочыя месцы, каб людзі мелі магчымасць рэалізоўваць свае магчымасці і свае надзеі. Некаторыя таму і не шукаюць працу, бо не могуць яе знайсці. Асабліва ў рэгіёнах, дзе беспрацоўе асабліва яскрава праяўляецца. У мяне адзін знаёмы з невялікага гарадка абышоў усе прадпрыемствы, якія выставілі ў цэнтрах занятасці свае вакантныя месцы. Але ў выніку вакансій ужо не аказалася, многія прадпрыемствы наадварот спыняюць працу ці пераходзяць на няпоўны працоўны тыдзень. Таму з’яўленне дакумента ў сёняшняй крызіснай сітуацыі наогул лічыцца нейкім абсурдам. У гісторыі ўжо былі прыклады, калі дармаедаў вясялілі на “101-ы кіламетр”, гэта ўсё атавізмы мінулага. Уявіце, што чалавек не зможа знайсці за паўгода работу, якая яму даспадобы? У чым яго віна? Гэтае пытанне вельмі далікатнае, а тут, як бачна, згрэблі ўсіх у кучу. І тых, хто ніколі не працаваў, і тых, хто не працуе па нейкіх абставінах…
РР: Але ж чыноўнікі кажуць так: хто хоча працаваць – той і працу знойдзе. Ці вы не згодны з гэтым?
Аляксандр Бухвостаў: Калі за месяц чалавек атрымае мільён ці два, то што гэта за праца? І я разумею тых, хто не хоча атрымоўваць такі заробак і ніколі на яго не пойдзе. Хіба за такія грошы магчыма ўтрымліваць сям’ю? Працоўнае месца – гэта калі ты атрымоўваеш хаця б сярэдні заробак па краіне. Чыноўнікі наогул абяцалі народу, што ў 2015 году ўсе будуць атрымоўваць у сярэднім каля тысячы даляраў. І дзе гэты заробак? Няма. Затое з’явіўся падатак з беспрацоўных.
РР: Вы лічыце, што людзі не павінны плаціць падаткі?
Аляксандр Бухвостаў: Павінны, але з нармальнага заробку. Акрамя таго, калі той жа “дармаед” купляе нешта ў магазіне, ён ужо плаціць краіне падаткі… Падаткі – гэта добра. Але ў краіне павінна быць інвестыцыйная праграма стварэння новых працоўных месцаў і сістэма перакваліфікацыі на новыя працоўныя месцы. Так, як гэта робіцца на Захадзе. Да слова, там дапамога па беспрацоўю непараўнальная з нашай. І гэта – сацыяльная палітыка. У нас жа чалавека хочуць прымусіць працаваць, не ствараючы пры гэтым прыдатных для працы ўмоў і прыстойнага заробку.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя