Ці знойдзецца ў Гародні Сімяонаўская царква?
Адзін з гарадзенскіх краязнаўцаў Ігар Лапеха вылучыў гіпотэзу, што будынак не знойдзенай да гэтага часу Сімяонаўскай царквы, якая была знішчана ў сярэдзіне 17 стагоддзя, можа знаходзіцца ў самым цэнтры Гародні, пад будынкам дома купца Мураўёва.
Кажа Ігар Лапеха:
— Ёсць такая мажлівасць. Ніхто дакладнай гарантыі зараз не дасць, але па інвентарах вядома, што Сімяонаўская царква была недзе на паўночным баку рынкавай плошчы. На схеме 1753 года бачны толькі два мураваныя будынкі на паўночным баку гэтай плошчы. Абодва яны квадратныя па форме. І фактычна адзін знаходзіцца там, дзе цяпер дом купца Мураўёва.
Аўтар кнігі «Магдебурская Гародня» гісторык Юрый Гардзееў упэўнены, што гэта царква знаходзіцца ў іншым месцы:
— План 753 года: сапраўды на гэтым месцы, прыблізна купца Мураўёва, мы бачым нейкія такія пабудовы. З гэтага плану не вынікае, што яны былі мураваныя, яны маглі быць драўляныя, маглі быць фахверкавыя. У канцы 80-х – пачатку 90-х археолаг Рыгор Акінцыч праводзіў раскопкі, на якіх я прысутнічаў. І вось, збоку дома купца Мураўёва, ён знайшоў такія падмуркі і з таго, што памятаю, ён казаў, што гэта быў фахверк. У XVIII стагоддзі гэта была іншая пабудова. Канешне, кожны будынак, асабліва ў цэнтры горада, меў свае падвалы.
Гісторык Юрый Гардзееў упэўнены, што падвалы пад домам купца Мураўёва павінны быць даследаваны архітэктарамі і рэстаўратарамі і тады з упэўненасцю можна будзе сказаць рэшткі якой пабудовы там знаходзяцца.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: hrodna.life