Ці з’яднае хакей нацыю?
Палітолаг Уладзімір Падгол патлумачыў, чаму хакей у Беларусі не можа “з’яднаць нацыю”.
Беларускія ўлады ізноў публічна ўспомнілі пра сваю “цацку” – хакей. Праблемай развіцця гэтага віда спорту ў апошнія дні і заклапочаны высокія дзяржаўныя чыноўнікі. Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава нават зрабіла заяву, што хакей можа “з’яднаць нацыю”. Але не адстаў ад сваёй падначаленай і беларускі кіраўнік, які ўчора давёў да грамадства, што “хакей – гэта галоўная ідэалогія любой краіны”.
Уладзімір Падгол: Калі я чую пра хакей і нацыю, то мне становіцца смешна. З’яднаць беларусаў можа толькі заробак у тысячу даляраў у месяц. Усё астатняе – гэта трызненне.
РР: Чаму ўлады апошнім часам носяцца са сваім хакеем, як з размаляванай торбай? Няўжо няма іншых праблем у краіне?
Уладзімір Падгол: Таму што гэта для іх такая забава. Паглядзелі, як у багатых краінах – Канадзе альбо Швецыі – ставяцца да хакея, і нашым так захацелася. Але што ж вы параўноўваеце грамадзян Канады з іх заробкамі і беларусаў? Патрэбны гэты хакей якой-небудзь бабульцы ў вёсцы? Ёй бы пражыць на свае 200 рублёў пенсіі, а не забавамі займацца. Вядома ж, што заўсёды прапаноўвалі народу – хлеба і відовішч. Але для Беларусі гэта не падыходзіць, бо ў многіх на хлеб якраз і не хапае. І да лямпачкі ім той хакей.
РР: Пры Савецкім Саюзе, дарэчы, хакей якраз і меў ідэалагічную афарбоўку. Памятаеце, як дзве сістэмы канкуравалі на лядовай пляцоўцы?
Уладзімір Падгол: Безумоўна, пры СССР партыйнаму кіраўніцтву трэба было даказваць людзям, што савецкі лад жыцця – самы лепшы. Гэта рабілася праз дасягненні ў космасе, у хакеі і праз перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. Вось праз гэтыя тры складнікі і вешалі народу лапшыну на вушы. І толькі затым (на дэсерт) падавалі ідэю, што хутка створым камунізм. На базе гэтых перамог. Што сёння адбываецца ў Беларусі? Сярэдні заробак 500 даляраў абяцалі? Так. Усе ведаюць, што такога заробку не будзе? Безумоўна. І вось зараз спрабуюць людзям давесці, што, маўляў, заробкі – гэта не галоўнае. А галоўнае – хакей, якія выратуе беларусаў ад галечы. Такая псіхалагічная кампенсацыя. Гэта тое самае, што казаць хвораму на рак пра нейкі цудадзены сродак, якога насамрэч няма. Увогуле, як мне падаецца, нашы высокія чыноўнікі проста адарваліся ад рэчаіснасці. Яны адарваліся ад рэальнага жыцця.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя