Ці з’явіцца пашпарт грамадзяніна вольнай Беларусі?



Пашпарт грамадзяніна вольнай Беларусі. Сябра Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка заяўляў, што трэба будзе дамагацца, каб пашпарты грамадзянам Рэспублікі Беларусь выдавалі за мяжой ад імя пераходнага кабінету. Дыскусія пачалася пасля пагрозаў Аляксандра Лукашэнкі пазбаўляць грамадзянства тых беларусаў, якія выехалі за мяжу і паводле яго „здрадзілі дзяржаве”.

Ілюстрацыйнае фота. Пашпарт Рэспублікі Беларусь узору 1993–95 гг.

Пазбаўленне грамадзянства, гэта больш нішавая ініцыятыва, так лічыць палітычны эксперт Вадзім Мажэйка. Паводле якога – гэта не закране масава беларусаў, а вось з абменам пашпарта могуць быць праблемы.

– Праблема пашпартоў будзе нарастаць з кожным месяцам і днём, бо ў людзей скончваюцца старонкі ў пашпартах, у людзей скончваюцца тэрміны дзеяння ў пашпартах. Беларускія амбасады за мяжой часам не спяшаюцца беларусам за мяжой гэтыя пашпарты аднаўляць. Таму я мяркую, што сапраўды гэта пытанне будзе ўставаць. Але хутчэй за ўсё гэта будуць такія дыджытал-пашпарты ў вельмі далёкай перспектыве. Але бліжэй гэта сапраўды нейкія, як Польшча пачынае выдаваць праязныя дакументы для беларусаў альбо нейкія міжнародныя дакументы накшталт „пашпарту Нансэна”, якія былі пасля Першай сусветнай.

Да таго ж яшчэ з пашпартам могуць узнікнуць і праблемы ў беларусаў, якія па палітычных прычынах выехалі за мяжу і не маюць магчымасці вярнуцца, каб выканаць працэдуры па замене дакумента. Як вырашэнне – падавацца на міжнародную абарону. Яго прапануюць у Цэнтры беларускай салідарнасці ў Варшаве. На гэта ўвагу звяртае прадстаўнік цэнтра Антось Жукаў. Беларусаў у Еўропе, і ў прыватнасці ў Польшчы, моцна падтрымліваюць, расказвае Антось Жукаў, які спасылаецца на статыстыку:

– Па статыстыцы 99,5% беларусаў атрымалі гэтую міжнародную абарону, з тых што падаліся. Гэта проста неверагодна вялікі працэнт. Практычна ўсім беларусам зараз выдаюць міжнародную абарону. Ідзе вялікая падтрымка, няма безвыходных сітуацый, нават калі чалавек не можа ніяк узаемадзейнічаць з беларускімі органамі, то ёсць такое рашэнне, як міжнародная ахова.

Праўда, няма статыстыкі і па колькасці беларусаў, якія сутыкнуліся з праблемай абмену пашпарта. Як кажа Антось Жукаў – пытанні вырашаюцца. А ў апазіцыі прызнаюць, што пытанне пра „пашпарт грамадзяніна вольнай Беларусі” вельмі складанае і патрабуе дакладнай дыскусіі і не залежыць толькі ад палітычнай волі.

Больш на гэту тэму сёння ў нашым нядзельным эфіры на хвалі радыё рацыя пасля 15.00 паводле беларускага часу, у Польшчы на 2 гадзіны раней.

Беларускае Радыё Рацыя