Ці з’явіцца ў Гародні другая пешаходная вуліца?



У Гародні падчас грамадскага абмеркавання генплана горада паведамілі пра тое, што самая старая вуліца горада – Замкавая, можа стаць пешаходнай. 

Цепер гэта вуліца больш нагадвае грамадскую паркоўку.

Cваё стаўленне да гэтай прапановы выказаў дырэктар найстарэйшай у горадзе турыстычнай фірмы „Спадарожнік” Аляксандр Старыцын:

– Абавязкова павінна быць пешаходнай. Гэта цэнтр нашага горада, гэта гістарычныя пабудовы XVII – XVIII ст. Гэта месца, дзе ў нас часцей за ўсё ходзяць турысты, таму абавязкова. Зараз, калі мы ідзем ад Старога замка да былой Рыначнай плошчы, то заўсёды гэта месца застаўлена машынамі, што для турыстаў вельмі нязручна.

Паводле гісторыка Андрэя Вашкевіча, Замкавая вуліца можа паўтарыць лёс адзінай у горадзе пешаходнай вуліцы Савецкай:

– Ідэя зрабіць вуліцу Замкавую пешаходнай вельмі добрая, актуальная таму, што безумоўна Замкавая вуліца – гэта вуліца па каторай ажыццяўляецца рух турыстычных груп, экскурсій па нашым горадзе Гародні. Калі ў дадатак да Савецкай вуліцы, якая з’яўляецца пешаходнай аж з 1972 года, дадасца яшчэ і вуліца Замкавая, то гэта будзе проста цудоўна.

Гісторык упэўнены, што цікавым быў бы эксперымент, калі б апроч Савецкай і Замкавай, хаця б на выходныя, пешаходнымі станавіліся цэнтральныя вуліцы – Маркса і Кірава.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня