Ці з’явіцца ў Гародні музей аўта і мотатэхнікі?



Гарадзенскі калекцыянер аўта і мотатэхнікі Сяргей Мукасей жадае стварыць у горадзе музей пад адкрытым небам, дзе б былі прастаўлены аўтамабілі і матацыклы, якія едзілі па Беларусі і па былым Савецкім Саюзе больш за 50 год таму. Ён ужо стварыў клуб рэтра тэхнікі “Вінтаж” і са старымі аўтамабілямі сябраў клубу ўдзельнічае ва ўсіх гарадскіх святах.

Аднак, на думку збіральніка, музей быў бы цікавай атракцыяй да прыязджаючых у горад турыстаў:

Наша Гародня — гэта аўтасталіца Беларусі, у нас кожны другі — аўтамабіліст. Турыстычны напрамак менавіта ў Гародні. А турызм і музей — гэта неад’емна. Турысты не едуць глядзець на палі і пасевы, яны едуць паглядзець на гісторыю краіны. У Гародні трэба стварыць музей, першы і адзіны ў Беларусі: музей аўта-мота-вела тэхнікі. Гістарычныя музеі існуюць даўно і ўсе ўжо бачылі, а вось гэта — навінка. І кожны аўтамабіліст захоча пайсці, паглядзець сфатаграфавацца, прапанаваць свой выраб.

Сяргей Мукасей звяртаўся з прапановай стварэння музея да гарадзенскіх уладаў і да кіраўнікоў прадпрыемстваў, аднак яго ніхто не падтрымаў.

Тытунёвая фабрыка ўхваліла, але ніякіх прапаноў. Я размаўляў з кіраўнікамі ад спорту і турызму — ніякіх прапаноў не ўхвалілі. Сур’ёзныя арганізацыя чамусьці ніякіх прапаноў не робяць. Застаецца вось расказаць людзям, што мы ёсць. А калі не будзе прапаноў нават у горада, і не знойдзем нават прыватнікаў, мы будзем закрываць гэтую дзейнасць.

Для музея калекцыянер Сяргей Мукасей разам з сябрамі клуба прапануе больш за 30 адзінак аўтамотатэхнікі, частка гэтай тэхнікі стаіць у памяшканні цэнтра культуры Кастрычніцкага раёна, а астатняе па гаражах сябраў клубу “Вінтаж”. Аднак калі музей не з’явіцца цягам году, сябры клубу збіраюцца будуць прыпыняць збіранне рэтра тэхнікі ў горадзе.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня