Ці з’явіцца ў Магілёве шыльда ў гонар паўстання 1661?
Грамадскі актывіст з Магілёва Антон Касцоў збірае подпісы за ўшанаванне памяці Магілёўскага паўстання 1661 года. На сайце petitions.by з’явілася адпаведная петыцыя, якую праз тыдзень плануецца накіраваць у Магілёўскі гарвыканкам. Касцоў прапануе ўсталяваць памятную шыльду на будынку гарадской ратушы, дзе пачалося паўстанне.
“Менавіта дзякуючы мужнасці мяшчан горад быў вызвалены ад маскоўскіх акупантаў, было адноўлена Магдэбургскае права, што азначала вяртанне Магілёва на еўрапейскі шлях развіцця, што актуальна і сёння. Шыльда будзе падкрэсліваць гістарычнаю пераемнасць магілёўцаў ад часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай да сучаснай Беларусі. Мужныя магілёўцы заўсёды гатовыя бараніць свой дом ад акупантаў, як гэта было ў сярэднявечы з маскоўцамі, або з нацыстамі ў XX стагоддзі. Ушанаванне памяці будзе спрыяць росту патрыятызму, гонару і годнасці. Магілёў павінен стаць фарпостам адекватнага і здаровага нацыяналізму”, – мяркуе Антон Касцоў.
На сенняшні дзень петыцыя набрала 100 подпісаў.
Беларускае Радыё Рацыя