Ці з’явяцца крымінальныя справы на сілавікоў?
Юрыст-праваабаронца Гары Паганяйла распавядае, чаму грамадства не дачакаецца судоў над тымі, хто катаваў грамадзян Беларусі.
Па некаторай інфармацыі, каля тысячы заяў пададзена ў Следчы камітэт ад тых, хто пацярпеў ад неадэкватных дзеянняў сілавікоў пасля 9 жніўня, але пакуль што ніводнай крымінальнай справы не было ўзбуджана. Ці дачакаемся?
Гары Паганяйла: Ведаючы характар нашай улады, і, улічваючы, што акцыю па запалохванні людзей рыхтавалі на самым высокім узроўні, думаю, што ніхто ў сілавых структурах не набярэцца смеласці ўзбудзіць крымінальныя справы супраць тых, хто выконваў гэты загад, што прывяло не толькі да жорсткага збіцця людзей, а нават і да іх гібелі. Некаторыя пацярпелыя будуць пажыццёва прызнаны пасля такіх дзеянняў сілавікоў інвалідамі, некаторыя да гэтага часу лечацца. Таму тое, што рабілі праваахоўнікі – гэта відавочныя службовыя злачынствы.
Мне падаецца, што неабходна было адмыслова павязаць сілавікоў крывёй, каб ім не было куды адступаць. Каб яны ведалі, што пры іншай уладзе ім давядзецца адказваць за свае злачынствы, а таму неабходна стаяць да апошняга за гэтую ўладу.
І сёння мы гэта назіраем. Пракуроры, якія, магчыма, і хацелі распачаць нейкія праверкі па справах, звольнены альбо звальняюцца па ўласным жаданні, таму ніякай ініцыятывы больш не будзе. Сістэма маналітна падтрымлівае сябе, бо ўсе баяцца адказнасці за свае злачынствы.
РР: Але ж былі заявы, што праверкі аб збіцці і катаваннях людзей будуць праводзіцца…
Гары Паганяйла: Гэтыя заявы гучалі ў першыя дні пратэстаў, калі ўлада настолькі спалохалася, што адправіла кіраўнікоў сілавых структур разам з чыноўнікамі да людзей і тыя апраўдваліся і раздавалі розныя абяцанні.
Прайшоў ужо месяц з таго часу, як ідуць пратэсты, і пра тыя абяцанні ўжо ніхто не ўспамінае. За гэты час у дачыненні да сілавікоў не ўзбуджана ніводнай крымінальнай справы! І мой прагноз – іх наогул не будзе.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя