Ці з’явяцца веласветлафоры на скрыжаваннях у Берасці?
За ўсталяванне веласветлафораў на небяспечных скрыжаваннях гораду выступаюць актывісты кампаніі ’’За вела Берасце’’. Яны сабралі фатаздымкі месцаў, дзе ёсць неабходнасць з’яўлення такіх аб’ектаў.
У якасці эксперэментальнай веларазметкі гарадскімі ўладамі было абрана перакрыжаванне вуліцы Савецкай Канстытуцыі і Маскоўскай.
Адмысловымі службамі будзе адсочана, наколькі безканфліктнай будзе перасоўванне ў гэтым месцы пешаходаў, раварыстаў і аўтамабілістаў.
– Калі мы пабачым пазітыўныя вынікі, то гатовыя падключыцца ў пошуку гэтых небяспечных месцаў для ўсталявання веласветлафораў, – распавёў Уладзімір Красько:
– У прынцыпе, гэта месцы, дзе ровар мае выключную перавагу. Гэта месца, дзе, калі гарыць зялёны, маюць права рухацца толькі пешаходы і раварысты. На гэты момант няма ніякіх паваротных машын у гэты час. Нашы планы, каб паўсталі такія месцы ўздоўж усіх ліній, якія запланаваныя па развіццю вела-інфраструктуры да 2015 года.
Са словаў Уладзіміра Красько, па правілах дарожнага руху раварыст пры пераходзе на светлафоры павінен сыйсці з ровару і прайсці пешшу. Аднак на практыцы, гэтага не адбываецца, і рух веласіпедыстаў праз пешаходны пераход стварае аварыйную сітуацыю.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце