Ціханоўская дамаўляецца аб пастаўках еўрапейскай вакцыны для беларусаў



Святлана Ціханоўская падчас працоўных візітаў у Нямеччыну і Бельгію абмеркавала з нямецкім урадам і Еўрапейскай камісіяй механізмы паставак вакцыны і прышчэпак для лекараў Беларусі, якія працуюць з covid-станоўчымі пацыентамі.

На гэтым тыдні вакцына будзе адпраўлена ў шэраг еўрапейскіх краін, у некаторых ужо пачаліся першыя вакцынацыі ад каронавірусу. Святлана Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале заявіла, што рэальна арганізаваць пастаўку партыі прышчэпак для беларускіх медыкаў. Вакцыну можна паставіць як арыгінальную з Нямеччыны, так і вырабленую ў Літве ці Польшчы паводле рэцэптуры кампаніі Pfizer.

Сёння пытанне абмяркоўвалася на сустрэчы з еўракамісарам Олівэрам Вархелі. Цяперашні бюджэт Еўразвязу на дапамогу Беларусі дазваляе арганізаваць такія пастаўкі. Улады Беларусі ўжо закупляюць вакцыну расейскай вытворчасці, аднак пры згодзе афіцыйнага Менска і спецыялісты, і шараговыя грамадзяне атрымаюць права выбару.

«Трэба дапамагчы тым, хто ў першую чаргу пакутуе ад каронавірусу ды безадказнай палітыкі Лукашэнкі і яго чыноўнікаў адносна пандэміі. Для нас важна жыццё кожнага чалавека, тых, хто на перадавой змагаецца з хваробай. Калі дзяржава не выконвае сваіх абавязкаў, мы гатовыя браць адказнасць у свае рукі і рабіць усё, што дапаможа выратаваць тысячы беларусаў», — адзначыла Святлана Ціханоўская.