Ціханоўская падтрымала праваслаўнага архіепіскапа Арцемія



Дэмакратычны лідар Беларусі Святлана Ціханоўская падтрымала адпраўленага ў адстаўку праваслаўнага архіепіскапа Арцемія.

Прычынай адстаўкі іерарха стала „яго адкрытая сумленнасць”, выказала меркаванне палітык у сваім відэазвароце, распаўсюджаным 12 чэрвеня.

„Мяне, як і многіх беларусаў, засмучае тая несправядлівасць, якая адбылася з вамі, — адзначыла экс-кандыдат у прэзідэнты. — Менавіта гэтае абурэнне і жаданне аднавіць справядлівасць матывуе нас на тое, каб працягваць гэтую складаную барацьбу. Такія людзі, як вы, натхняюць нас змагацца за праўду”.

Як паведамлялася, Святы сінод Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ) 9 чэрвеня паводле хадайніцтва Беларускага экзархата адправіў архіепіскапа Гарадзенскага і Ваўкавыскага Арцемія на спачынак па стане здароўя.

Месцам знаходжання Арцемія на спачынку вызначаны Менск. Кіраўніком Гарадзенскай епархіі прызначаны епіскап Антоній, які да гэтага быў епіскапам Слуцкім і Салігорскім. Часовае кіраванне Слуцкай епархіяй даручанае мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму Веніяміну, патрыяршаму экзарху ўсяе Беларусі.

На сайце патрыярхіі адзначана, што пытанне аб адстаўцы Арцемія члены Святога сінода РПЦ абмяркоўвалі выдалена на падставе прынятага напярэдадні Сінодам Беларускага экзархата рашэння.

Арцемій (Аляксандр Кішчанка) нарадзіўся ў Менску, яму 69 гадоў. Гарадзенскую кафедру ўзначальваў больш за 25 гадоў — з 4 лютага 1996 года.

Архіепіскап Арцемій адкрыта асудзіў гвалт і беззаконне пасля леташніх прэзідэнцкіх выбараў.

14 жніўня 2020 года ён выступіў са зваротам да паствы і кліру, асудзіўшы гвалт, які адбыўся з-за парушэння праўды, каб „дагадзіць палітычнай мэтазгоднасці”. „Кроў ахвяр і цяжкія пакуты людзей у гэтыя дні — на сумленні тых, хто свядома сам забіваў альбо прымушаў іншых забіваць праўду”, — адзначыў праваслаўны іерарх. Ён падтрымаў жанчын, якія пасля выйшлі на пратэст з кветкамі, і падкрэсліў, што верыць у здольнасць любові і міру „вярнуць праўду ў нашы душы”.

Падчас казані 16 жніўня ў кафедральным саборы Гародні архіепіскап Арцемій заявіў, што царкву пачалі вінаваціць у тым, што яна „лезе ў палітыку”. „Царква палітыкай не займаецца. <…> Мы не кажам, якая там палітыка, які палітык, якая ўлада, — сказаў ён. — Мы кажам, што чыніцца беззаконне. Нашы людзі ператварыліся ў звяроў і раздзіраюць сваіх жа братоў. Да нас, святароў, прыходзяць і распавядаюць са слязамі на вачах, „што з маёй дачкой робяць”. Да нас прыходзяць, распавядаюць пажылыя людзі — на лавачцы сядзелі, а іх збілі, прынізілі. Яны жыццё аддавалі за нашу Айчыну! І мноства такіх прыкладаў”.

21 жніўня сінадальны аддзел БПЦ па ўзаемаадносінах царквы і грамадства выступіў з заявай, у якой падкрэсліў: рэакцыя асобных прадстаўнікоў царквы на сітуацыю ў краіне адлюстроўвае выключна іх асабісты погляд на тое, што адбываецца, але не з’яўляецца афіцыйнай пазіцыяй экзархата.

Падчас казані 15 сакавіка гэтага года ў кафедральным саборы Гародні архіепіскап Арцемій заявіў, што ў царкоўным асяроддзі „шмат неладоў”, бо „царства свету гэтага жадае бачыць у царкве толькі ідэалагічна-палітычны апарат, так бы мовіць, падуладны ёй механізм”. „А царква кажа, што яна — Царства Божае на зямлі і яна сведчыць аб праўдзе Божай, — сказаў іерарх. — І іншага жыцця для царквы няма, не было і ніколі не будзе. Ісці шляхам прыстасаванства — гэта шлях самазнішчэння. Уваходзіць у палітыку, у нейкія іншыя праблемы таксама не ўласціва царкве. Але царква не павінна быць абыякавай да ўсяго, што адбываецца”.

belapan.by