Ціханоўская заклікала настаўнікаў выказаць салідарнасць



Кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская, якая знаходзіцца ў Літве, заклікала педагогаў выказаць салідарнасць і абараняць сваіх сумленных калег. Пра гэта яна заявіла ў відэазвароце да настаўнікаў, размешчаным на ютуб-канале „Краіна для жыцця”.

Ціханоўская адзначыла, што сёлета Дзень ведаў будзе асаблівым. „У пачатку навучальнага года да вас прыйдуць дзеці і іх бацькі, і вам давядзецца зірнуць адзін аднаму ў вочы. Я сама маю педагагічную адукацыю, працавала з дзецьмі і ведаю, як важна шанаваць іх павагу і павагу іх бацькоў”, — сказала яна.

Кандыдат выказала ўпэўненасць, што кожны настаўнік стаў ім „па прызванні, і гэтай прафесіяй можна і трэба ганарыцца”. „Але давайце паглядзім, што спрабуюць зрабіць са школы чыноўнікі ад адукацыі? Суцэльныя праверкі, зневажальныя падарункі правяральшчыкам, паборы з бацькоў, рамонты за свой кошт, прымусовая падпіска, „добраахвотна-прымусовыя” паходы на хакей-лыжню-дэманстрацыі. Хіба гэта мае дачыненне да навучальна-выхаваўчага працэсу?” — сказала Ціханоўская.

Паводле яе слоў , „самае страшнае, куды многіх з настаўнікаў уцягнулі, — гэта выбарчыя камісіі”, дзе забяспечваўся „патрэбны” вынік. „Патрэбны не народу, не краіне, патрэбны аднаму чалавеку, які ўявіў сябе гаспадаром, у тым ліку — вашым гаспадаром”, — падкрэсліла Ціханоўская.

Яна адзначыла, што большасць педагогаў працуюць сумленна, імкнуцца даць дзецям веды і выхаваць іх прыстойнымі людзьмі. „Але ёсць і тыя, хто пад націскам або ў жаданні выслужыцца выкрадаў галасы выбаршчыкаў, выкрадаў будучыню ў дзяцей, якіх вы вучыце. Пра гэта ў вас запытаюць дзеці і іх бацькі”, — адзначыла кандыдат у прэзідэнты.

Ціханоўская заклікала педагогаў „ачысціць школу і добрае імя настаўнікаў ад крывадушнасці і страху, а калі хтосьці паддаўся націску і пайшоў на падробку — паабяцаць сабе далей рабіць па сумленні, якое важнейшае за страх”.

Яна нагадала, што зараз гучаць пагрозы звольніць настаўнікаў, якія не згодныя з дзяржаўнай ідэалогіяй. „Але калі за дзяржаўную ідэалогію выдаюцца хлусня і фальсіфікацыі, чаго вартая такая ідэалогія? Выкажыце салідарнасць, абараніце сваіх калег — сумленных настаўнікаў! Хай звальняюцца махінатары і кар’ерысты”, — сказала кандыдат у прэзідэнты.

Настаўнік, адзначыла яна, — гэта прафесія, што грунтуецца на „любові да дзяцей і шчырасці”. „Давайце зробім нашу школу такой, каб у яе з радасцю прыводзілі дзяцей!” — заклікала Ціханоўская.

belapan.by