Ціханоўская запатрабавала вызваліць усіх затрыманых жанчын



Экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская запатрабавала вызваліць усіх жанчын, затрыманых на ўчарашняй акцыі ў Менску.

„Выдатных і смелых жанчын, якія законна і мірна пратэстуюць, масава і груба затрымліваюць людзі без апазнавальных знакаў, — напісала Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале. — Усе затрыманыя павінны быць адпушчаныя. Супрацоўнікі сілавых ведамстваў павінны памятаць: беларусы гатовыя дэананімізаваць тых, хто выконвае злачынныя загады. Вам яшчэ прыйдзецца паглядзець у вочы свайму народу, які вы павінны абараняць”.

Да 21.40 праваабаронцы высветлілі імёны 342 затрыманых на жаночым маршы, які прайшоў па цэнтральных вуліцах сталіцы. Адпушчана 99 чалавек, як мінімум на адну вызваленую складзены пратакол. Сярод выпушчаных на волю супрацоўніца пасольства Вялікабрытаніі Іна Рамашэўская. У ЦІП дастаўлена тры чалавекі — Кацярына Казакова, Анастасія Лушчык і Наталля Петухова.

У сацсетках з`явіліся паведамленні аб затрыманні вядомага музыканта Аляксандра Памідорава, які арганізаваў канцэрт у сталічным мікрараёне Шабаны.

belapan.by