Ціск на аршанскую “Цудоўную краму” і яе гаспадара
Аршанскі актывіст Ігар Казмярчак – гаспадар крамы беларускіх сувеніраў і заснавальнік незалежнага сайта orsha.eu.
Днямі невядомыя зламыснікі ўзламалі старонкі сайта і крамы ў Instagram, але наступствы ўдалося ліквідаваць, распавёў Ігар Казмярчак:
– Яны паспелі размясціць там чырвона-зялёныя сцягі, аватаркі і напісаць на адным з праўладных тэлеграм-каналаў, што вось якія мы малайцы – мы паламалі… Зразумела, што сайт orsha.eu ім не падабаецца, не падабаецца наяўнасць “Цудоўнай крамы”, ім не падабаецца і мая наяўнасць – мяне як асобы…
Ігар Казмярчак распавёў, што заўважыў спробы ўзлому і сваёй уласнай старонкі ў Telegram. Але апроч віртуальных захадаў, актывіст зазнае і рэальны ціск: напрыканцы мінулага году ў “Цудоўнай краме” правялі ператрус і забралі аргтэхніку гаспадара. Супраць Ігара Казмерчака была ініцыявана крымінальная справа, якую пазней скасавалі праз адсутнасць доказаў. А пазней Дэпартамент фінансавых расследаванняў пачаў выклікаць на допыты людзей, якія мелі дачыненне да працы сайта orsha.eu – адзінага незалежнага сайта ў рэгіёне, які піша пра грамадскія пратэсты, арышты актывістаў ды іншыя палітычныя падзеі.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск