Ціск на грамадскіх актывістаў з боку крымінальнай міліцыі
У Пінску ціск на грамадскіх актывістаў пачала ажыццяўляць крымінальная міліцыя. Супрацоўнікаў крымінальнага вышуку зацікавілі сустрэчы прыхільнікаў перамен, якія ладзяцца адзін-два разы на тыдзень. Збіраюцца аднадумцы для абмеркавання палітычнай сітуацыі.
“У гэтых сустрэчах сілавікі бачаць нейкую падрыхтоўку па звяржэнні ўлады”, – адзначае праваабаронца Вераніка Іванова:
– Яны не разумеюць сэнсу гэтых сустрэч. Яны не разумеюць, што збіраюцца аднадумцы, што гэта палітычная актыўнасць, вырашаюцца арганізацыйныя пытанні. І нічога іншага акрамя таго, што мы там, нават не ведаю, – робім “кактэйлі Молатава”, праводзім семінары па нажавым боі, у іх галовы больш не прыходзіць. Насамрэч, тое, што сёння робяць дзеючыя ўлады рукамі міліцыі, паглыбляе раскол грамадства, паглыбляе супрацьстаянне.
Праваабаронца дадае, што зараз любое дзеянне супраць прадстаўнікоў улады міліцыянты адразу ж пераводзяць на пратэстоўцаў. Так, у сярэдзіне лістапада ў Пінску затрымалі ажно 19 чалавек, падставай стала пашкоджанне аўтамабіля суддзі Дзмітрыя Свіціна.
Беларускае Радыё Рацыя