Ціск на пратэстанцкую суполку ў Гомелі
У Гомелі праваахоўнікі зацікавіліся дзейнасцю пратэстанцкай суполкі „Божае Ператварэнне”.
Адно з набажэнстваў было ўвогуле сарванае супрацоўнікамі АМАП, якія „прыбылі па ананімным паведамленні аб несанкцыянаваным масавым сходзе”. Пасля гэтага здарэння сяброў рэлігійнай грамады сталі выклікаць на размовы ў міліцыю.
Паводле пастара Сяргея Нікалаенкі, пратэстанцкая абшчынае дзейнічае выключна ў прававым полі.
Сяргей Нікалаенка, пастар:
– Супрацоўнікі міліцыі і АМАП прысутнічалі на адной нашай службе. Яны спынілі нашае набажэнства, заявіўшы, што нібыта паступіў нейкі званок з таксафона. Мяне, праўда, здзівіла тады, дзе гэта яны ў Гомелі таксафон знайшлі?! Маўляў, тут адбываецца нейкае несанкцыянаванае мерапрыемства, што стала падставай для спынення службы. Мы ніякіх супрацьпраўных дзеянняў не робім, служым Богу. Першы раз за ўвесь час існавання абшчыны здарылася такая непрыемнасць.
Гомельскі рэлігіязнаўца і праваабаронца Віктар Адзіночанка звяртае ўвагу на роўнасць хрысціянскіх канфесій у беларускім заканадаўстве.
„Паводле беларускага заканадаўства, праваслаўныя маюць тыя ж самыя правы, што і розныя пратэстанцкія накірункі. Хрысціяне веры евангельскай, таксама іх называюць пяцідзесятнікамі, – гэта зарэгістраваная арганізацыя. Дарэчы, па колькасці зарэгістраваных суполак яна займае другое месца ў Беларусі пасля праваслаўных. Каталікі – толькі на трэцім месцы”, – адзначае Віктар Адзіночанка.
Пастар рэлігійнай суполкі „Пераўтварэнне” Сяргей Нікалаенка адзначае, што вернікі выступаюць за супрацу з дзяржавай, якая павінна забяспечваць выкананне заканадаўства аб свабодзе веравызнання:
– У нас у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь напісана, што кожны мае права свабодна вызнаваць сваю веру і сумесна з іншымі грамадзянамі, таму тут зразумела, што было проста правапарушэнне з іх боку. Так, як яны сябе паводзілі, якія пытанні задавалі: “Чаму ходзіце ў гэтую царкву, а не ў іншую?” Зразумела, што штосьці тут не так.
Абшчына гомельскіх вернікаў-пратэстантаў „Ператварэнне” была зарэгістраваная ў 2005 годзе. Да апошняга часу ніякіх прэтэнзіяў з боку праваахоўных органаў да яе дзейнасці не было.
Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель