Ціск на студэнтаў-прыхільнікаў Балонскага працэсу



У Берасці ціснуць на студэнтаў, якія падтрымалі прапанову да ўступлення Беларусі ў Балонскі працэс. Пра гэта паведаміў каардынатар кампаніі “О, балонь!” Уладзімір Красько. Дэканы факультэтаў абтэлефаноўваюць студэнтаў, што пакінулі свае подпісы пад зваротам да Міністэрства адукацыі, і патрабуюць тлумачэнняў. “Гэтая сітуацыя дзіўная, паколькі мы дзейнічалі ў прававым полі: складаць звароты і накіроўваць іх нам дае дазвол беларускае заканадаўства,” – адзначыў Уладзімір Красько:

Пачаліся званкі да студэнтаў. Нам ужо вядомы такія выпадкі, калі дэканы тэлефануюць студэнтам, якія навучаюцца ў іх універсітэце, на іх факультэце, і запытваюць, ці сапраўды яны падпісваліся. А калі даведваюцца, што так, то кажуць, што студэнты не зусім добра зрабілі, падпісаўшы гэты зварот, што такога рабіць не трэба, бо яны стварылі шмат праблем для свайго ўніверсітэта.

У звароце былі выказаныя прапановы да прыняцця тых неабходных акадэмічных свабод, якія дазволяць беларускім універсітэтам увайсці ў Балонскі працэс у 2015 годзе.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота nfau.ucoz.ru