Цітушкі, запалохванні і выкраданні …



Цітушкі, запалохванні і выкраданні. Вось якія словы асацыююцца з Беларуссю і асабіста з дыктатарам Лукашэнкам сёння. Таму іх пастаянна ўжывае прэса.

Падрабязнасці свежых артыкулаў замежнай прэсы пра Беларусь даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:

– У 2013 годзе, у канцы праўлення Віктара Януковіча, на вуліцах украінскіх гарадоў з’явіліся „цітушкі” — маладыя людзі ў спартовай форме, якіх улады выкарыстоўвалі для разгону акцый апазіцыі і запалохвання актывістаў, параўноўвалі з „тантон-макутамі”, дыктатарскай аховай Гаіці дынастыі Дзювалье. Як і ўкраінскія „цітушкі”, яны не былі сапраўднай міліцыяй, не служылі ў праваахоўных органах, але маглі быць выкарыстаны ўладамі там, дзе сілавыя структуры відавочна парушаюць закон. І цяпер, калі людзі ў Беларусі без апазнавальных знакаў выкрадаюць апазіцыянераў сярод белага дня альбо збіваюць пратэстоўцаў, іх таксама называюць „цітушкамі”. А як інакш? — піша Віталь Портнікаў для выдання „Крым. Рэаліі”.”З’яўленне такіх „эскадронаў смерці” лічыцца прыкметай асаблівай сілы. Але на самой справе я ўпэўнены, што гэта прыкмета бездапаможнасці. Гэта доказ таго, што без грубай сілы, без сістэматычнага парушэння ўласных законаў дыктатар не можа захаваць уладу. Што ён не можа разлічваць нават на верных яму сілавікоў, якія не хочуць ісці на прамое парушэнне законаў. Што ён гатовы выкарыстаць адкрыты бандытызм у барацьбе са сваімі суайчыннікамі. Менавіта таму феномен наймітаў ва Украіне дасягнуў росквіту ў часы Віктара Януковіча. Леанід Кучма выкарыстоўваў праваахоўныя органы ў барацьбе з апанентамі, дарэчы, яшчэ і таму, што сілавікі былі ўпэўненыя ў стабільнасці рэжыму і таму маглі парушаць закон. Лукашэнкаўскі рэжым становіцца аналагам рэжыму Януковіча. Цяпер Лукашэнка не можа разлічваць на тое, што сілы бяспекі выканаюць любы яго загад — і гэта ў краіне, дзе апазіцыйныя палітыкі бясследна зніклі ў 90-х гадах, а праваахоўныя органы заўсёды выкарыстоўваліся ў асабістых інтарэсах дыктатара і яго бліжэйшага атачэння. Аднак цяпер сілавікі не могуць быць упэўненыя ў даўгавечнасці рэжыму і ўласнай беспакаранасці. Менавіта таму на вуліцах, як у часы ўкраінскага Майдана, з’яўляюцца проста бандыты. Таму „цітушкі” на менскіх вуліцах — не доказ сілы Лукашэнкі, а доказ яго слабасці і нават верагоднага краху, — завяршае сваю публікацыю Віталь Портнікаў.

У сераду споўніўся месяц з таго часу, як у Беларусі пачаліся акцыі пратэсту супраць прэзідэнта-ўзурпатара Аляксандра Лукашэнкі, якога людзі вінавацяць у маніпуляцыях з выбарамі, якія нібыта прынеслі яму 80% галасоў, піша іспанская газета АВС. Мабілізацыя працягваецца з кожным днём цэлы месяц, але Лукашэнка застаецца цвёрдым у сваім намеры не саступаць. Ён мае падтрымку прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, які паабяцаў накіраваць спецсілы ў выпадку неабходнасці і разам з якім ён дапрацоўвае асноўны план інтэграцыі абедзвюх краін ва „Унітарную дзяржаву”. Сустрэча двух кіраўнікоў у Маскве ўжо рыхтуецца і адбудзецца ў бліжэйшы час. У інтэрв’ю некалькім расейскім СМІ, у тым ліку РИА-Новости, Лукашэнка заявіў, што прыйшоў да высновы: „Калі Беларусь упадзе, Расея ўпадзе наступнай”. «Я не пайду проста так. Я чвэрць стагоддзя будаваў Беларусь. Я не збіраюся кідаць усё гэта адразу. Акрамя таго, калі я пайду, яны будуць распраўляцца з маімі прыхільнікамі. Я, напэўна, сапраўды доўга ў крэсле прэзідэнта, але я адзіны здольны абараніць беларусаў і суверэнітэт нашай краіны”. Беларускі дыктатар таксама даў зразумець, што не будзе сустракацца з апазіцыяй, якую, паводле яго слоў, фінансуюць Злучаныя Штаты, і не будзе весці з ёй ніякія перамовы, і што яго намер заключаецца ў рэфармаванні дзеючай Канстытуцыі для перадачы часткі сваіх паўнамоцтваў парламенту. Пазней Лукашэнка заявіў, што не выключае новых выбараў. Але насамрэч зараз у краіне адбываюцца жорсткія рэпрэсіі супраць дэманстрацый, зняволенні і выкраданні асноўных апазіцыйных дзеячаў. З двух членаў прэзідыума апазіцыйнай Каардынацыйнай рады, якія ўсё яшчэ прысутнічаюць на беларускай тэрыторыі, юрыста Максіма Знака і лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святланы Алексіевіч, пра першага нічога не ведалі гадзінамі. Як адбылося ў панядзелак з Марыяй Калеснікавай, якая таксама ўваходзіць у склад прэзідыума, Знак, па словах яго калег, быў выкрадзены мужчынамі ў масках, іх месцазнаходжанне доўга было невядомае. Яшчэ два члены Каардынацыйнай рады — Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў паехалі ва Украіну і зараз знаходзяцца ў Кіеве. Калеснікава — адна з трох жанчын, якія ўзначалілі выбарчую кампанію супраць Лукашэнкі, а яе паплечніцы Ціханоўская і Цапкала вымушана знаходзяцца за мяжой, у Літве і Польшчы адпаведна. Гэтак жа і Вольга Кавалькова, піша АВС.

Беларускае Радыё Рацыя