ЦТ па беларускай мове будуць здаваць 20 тысяч чалавек
На цэнтралізаванае тэставанне сёлета падалі заяўкі ўжо каля 90 тысяч чалавек. Такую лічбу называе газета „Звязда” са спасылкай на Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў. Апошні дзень падачы заявак — 1 чэрвеня. А 19-й гадзіне ўсе пункты рэгістрацыі на ЦТ зачыняцца.
Паводле папярэдніх звестак, беларускую мову на ЦТ выказалі жаданне здаваць 20 тысяч чалавек. Рускую — у 3,5 раза больш: 70 тысяч. На іспыт па матэматыцы зарэгістраваліся 42 тысячы чалавек, па фізіцы — 24 тысячы , біялогіі — 21 тысяча , англійскай мове — каля 20 тысяч .
Штодня ў пункты рэгістрацыі звяртаюцца ў сярэднім 4-6 тысяч чалавек. Дарэчы, шмат якія абітурыенты падаюць дакументы ў апошні дзень рэгістрацыі. Напрыклад, летась 1 чэрвеня падалі заяўкі на ЦТ 4,5 тысячы абітурыентаў.
Першы іспыт пройдзе 13 чэрвеня — абітурыенты будуць здаваць беларускую мову. 14 чэрвеня свае сілы выпрабуюць тыя, хто вырашыў здаваць ЦТ па рускай мове. ЦТ па грамадазнаўстве прызначанае на 16 чэрвеня, біялогіі — 18-га, матэматыцы — 19 чэрвеня, гісторыі Беларусі — 21-га, хіміі — 23-га, фізіцы — 24-га. Тэсты па замежных мовах пройдуць 25 чэрвеня. А 27 чэрвеня пройдуць тэсты адразу па дзвюх дысцыплінах — па сусветнай гісторыі найноўшага часу і геаграфіі.