Цяжкія часы бярозаўскіх беспрацоўных



Уладкавацца на працу – немагчыма, а стаць на ўлік па беспрацоўі – небяспечна, бо можна трапіць пад пільны погляд падаткавікоў. Спадзяванняў на Цэнтр занятасці насельніцтва фактычна няма, таму сітуацыя – крытычная, – лічыць беспрацоўны Андрэй Леановіч. Таксама і ў Расеі заробкі ўпалі, і там усё часцей сталі падманваць:

– 18 гадоў адпрацаваў у Расеі, здароўя там, канешне, шмат пакінуў. Таму ўжо год сяджу дома. У мяне працоўнага досведу вельмі шмат, толькі каму ён патрэбны? Хацеў уладкавацца вартаўніком, але гэта зараз прывілеяванае месца.

На думку Андрэя Леановіча, Беларусь выратуе кірунак на Захад, прыход новых уладаў і парламенцкая рэспубліка:

– Нам патрэбен Еўразвяз. Трэба заклікаць інвестараў, каб яны будавалі сваю вытворчасць, а мы на іх працавалі. Даць людзям зямлю. Вось я, напрыклад, хачу свіней гадаваць. Але наўрад ці мне нехта гэта дазволіць.

Афіцыйна ў Бярозаўскім цэнтры занятасці стаіць на ўліку 375 беспрацоўных. Але гэта далёка не поўны спіс незанятых ў працоўным сектары людзей, упэўнены Андрэй Леанюк. Наогул у Беларусі на канец лютага было зарэгістравана больш за 51 тысячу непрацаўладкаваных. Гэта ў паўтара раза больш, чым летась. Сярэдні памер дапамогі па беспрацоўі – 12,5 даляраў у месяц.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота sb.by